Пi
Далібог, розум працуе так, як мы самі не разумеем. Лік пі я ведаў з дзяцінства – гэта матэматычная пастаянная, адносіна даўжыні акружнасці да яе дыяметра. Першыя лічбы пасля коскі запомніліся раз і назаўсёды – 3,1415… Потым у дзіцячай энцыклапедыі я пазнаёміўся з вершам, вось ён:
Чтобы нам не ошибаться,
Надо правильно прочесть:
Три, четырнадцать, пятнадцать,
Девяносто два и шесть.
Падавалася, што гэтага дастаткова для адукаванага чалавека. Але праз нейкі час, калі з’явіліся разумныя калькулятары, я міжвольна запомніў яшчэ тры лічбы – 5, 3, 5. Распрацоўнікі заклалі ў розум электроннага прыбора дзесяць знакаў пасля коскі, і яны меркавалі, што гэтага досыць.
А сёлета я вырашыў даведацца, што там ідзе далей. Аказваецца, 89. О, гэта ж апошнія лічбы майго года нараджэння! Я проста не мог не запомніць іх. А пасля ішлі 7 і 9, таму і яны засталіся ў памяці: 79 – за дзесяць гадоў да майго нараджэння. І паняслося…
Далей ужо было цяжка спыніцца, бо розум захапіў быццам звычайныя лічбы – 32 і 38 – і пакінуў іх у галаве. І самае дзіўнае, што для лепшага замацавання ён прапанаваў запомніць гэта: 38-32=6.
А вось з чарговай парай аказалася яшчэ прасцей: 46 і 26 – прыгожа і ў рыфму. Зроблена, далей.
43-38-32 – тут схаваныя нумары аўтобусных маршрутаў горада Гомеля, да таго ж 32-38 ужо былі, а тут яны ідуць у зваротным парадку.
79-50 запомнілася проста, без тлумачэння; падсвядомасць – яна такая загадкавая.
28-84 – гэта лічбы са старога хатняга тэлефона, які я ведаў напамяць з дзяцінства. Дзіўна: новы нумар і дагэтуль блытаю, а стары памятаю.
Далей будзе асабістае. 19 – гэта дзень знаёмства з дзяўчынай, з якой у мяне потым пачаліся адносіны, прычым зноў жа – дзевятнаццатага. Праз некалькі гадоў мы развіталіся, але дата засталася ў памяці.
А вось лік 71 запомніўся без прывязак, хіба што часам я ставіў яго побач з папярэднім, каб атрымлівалася 1971. Чаму?.. Далей 69 – чарговае дзівоцтва: я ненаўмысна звязаў яго з папярэдняй парай, дый яшчэ з тым, што рознасць паміж імі – двойка. Але ж працуе! І з наступнымі лічбамі было няцяжка: 39 – рыфма да шэсцьдзесят дзевяць, а 93 – зусім лёгка: гэта ж трыццаць дзевяць наадварот.
75-10 – зноў нешта на падсвядомасці. Тут я падумаў, што досыць, бо за плячыма ўжо пяцьдзясят лічбаў пасля коскі. Прычым без асаблівых намаганняў.
Але ўсё толькі пачыналася! Мне проста стала цікава, якія лічбы ідуць далей. Запамінаць іх мэты не было. Зазірнуў у Вікіпедыю – 58-20. Мозг тут жа зрабіў пазнаку – аўтобусны маршрут «Вакзал – мікрараён Хутар» і дваццатка – папярэдняя дзясятка два разы. Спыніцца не атрымалася. 97 – частка тэлефоннага нумара, а 49 і 44 пайшлі па ўжо знаёмай схеме – 49-44=5. Запомнілася, і ўсё тут. А вось 5 і 9, якія ішлі далей, моцна звязаліся з нядаўняй парай – проста ў рыфму.
Рушым наперад? 23-07. Падалося, нібыта тут схаваная нейкая дата. Не вялікі прыхільнік Дэніэла «Гары Потэра» Рэдкліфа, але аказалася, што ён нарадзіўся дваццаць трэцяга ліпеня. Чарговая пара замацавалася. Працягваем. 81-64 – дзевяць у квадраце і восем у квадраце. Далей мозг паспрабаваў запомніць 0-6, але лік жа бясконцы, пасля з’явіліся лічбы 2 і 8, таму ён далучыў і іх, прычым даволі дзіўна, вось так – 0-628. Быццам нічога выбітнага, але глядзіце, што будзе пасля – 620-8. Мяркую, словы не патрэбны, усё і так бачна. А вось і 99. Лік прыгожы, але… Розум не ўспрымаў яго! Я пасунуўся крыху назад і зрабіў іншую камбінацыю – 89-98. Відаць, яму так прасцей. Што ж, згода. Рухаемся далей. Там нас чакае… 628! І хто скажа, што лік пі не магічны, не загадкавы?
Можа, і досыць? Тым больш, што прыгожае быццам скончылася. Зірніце, 0-34… Мозг паспрабаваў зноў прывязацца да аўтобуса, але ж доўга так працягвацца не можа, у нашым горадзе каля сотні нумароў. Дый нуль цяжкавата будзе запомніць. Паставім кропку? Не, шматкроп’е, бо лік жа бясконцы. Дый далей ідуць 82-53-42. Прывязвацца да маршрутаў грамадскага транспарту не хацелася. Але праз нейкі час розум сам знайшоў выйсце – рыфму і нумар школы, у якой працуе мой брат.
Да сотні засталося сем лічбаў. Далей паказалася 11-70-67… Але мозг уголас запярэчыў – 117 і 0-6-7! Чаму так – адразу па тры? Магу толькі сказаць, што першы лік падобны на адзін даволі асабісты, а вось другая камбінацыя – ніводнай асацыяцыі. Замыкала першую сотню 9, і тут ужо варта было б і спыніцца, бо сто лічбаў пасля коскі – гэта выдатны рэзультат. Навошта спрабаваць ісці далей?..
Але розум, свядомасць і падсвядомасць не пагадзіліся, калі ўбачылі лічбу 8. Ну і што? А вось сувязь з дзявяткай! Пасля – 21. Навошта і яно нам? А вось тройчы сем – добрая сувязь з папярэднімі дзявяткай і васьмёркай! Ну і чарговыя лічбы – 48-08 – зноў прымусілі скарыстацца рыфмай, без усялякіх прывязак да маршрутаў ці дзён нараджэння. Я і скарыўся – хай будзе так…
6-51, якія ішлі далей, крыху зламалі сістэму. Мозг зноў паспрабаваў прывязацца да аўтобуснага нумара, але шасцёрка тут была лішняй. Сто дзесяць лічбаў за спінай! У гэты момант я ўжо цвёрда вырашыў спыніцца. Тым больш, што пасля ішло такое, што быццам не падыходзіла ні пад адну методыку – 3282306. Разбіць на сотні не атрымалася. А мо ўявіць 23-06 як дату, за месяц да якой нарадзіўся вышэйузгаданы Дэніэл Рэдкліф? Таксама штосьці не тое. Тады мозг зрабіў прасцей (для каго?): разбіў на пары і скарыстаўся метадам рыфмы – 32-82-30. Прызнаюся, мне больш за ўсё не падабаўся такі варыянт. Ну як тут запомніць? Рыфмы? Але ж мы не верш вучым! Можна лёгка пераблытаць першыя лічбы, бо прывязкі не бачна. Хіба што трыццаткі паабапал васьмідзясяткі… А далей – 66470. Цяжкавата! Ну, шэсць-шэсць яшчэ можна зафіксаваць, потым дадаць чацвёрку, а пасля сямідзясятку. Так я думаў. Але падсвядомасць вырашыла іначай. Яна бескампрамісна сказала – будзе 66-47! Прыйшлося пагадзіцца. Сорак сем… Цішыня, ніякай асацыяцыі…
0-9. Мозг сказаў: проста запомні, а як – мяне не турбуе. Ок. На гэтым і скончым, бо сто дваццаць дзве лічбы. Вар’яцтва! Хопіць! Але ўсё марна, бо далей ішлі 38-44. Прывязка да аўтобусаў, і кропка. І не спыніцца, бо зноў з’явілася пара 0-9, хаця перад ёй яшчэ і 6. І апошнім акордам прычапіліся 5-5-0-5 – гэта ж лёгка, вось табе і сто трыццаць лічбаў пасля коскі!
Мяне выратавала тое, што нарэшце вылезла нейкая бяссэнсіца – 8223172… Розум маўчаў, але я быў толькі рады. Куды ўжо далей?
Людзі вучаць лік пі. Яны карыстаюцца шматлікімі метадамі – складанымі і простымі, цікавымі і нуднымі. Чалавецтва прыдумала вершы і паэмы, нават цэлыя сказы без рыфмы, але з такой колькасцю літар, каб яна супадала з лічбамі пі. Хтосьці ўзгадвае коды гарадоў ці карыстаецца лічбава-літарным кодам. Ёсць сістэма «Палац памяці», а нехта ўяўляе літаральную карцінную галерэю. А мне ўсе гэтыя мнематэхнікі падаюцца надта складанымі, я іх не вывучаў, хаця было б карысна пачаць запамінаць пін-коды картак і код для ўваходу ў пад’езд. Можа, калі-небудзь…
Дададзена праз месяц:
Спыніцца не атрымалася. Як толькі я бачу наступную лічбу, яна тут жа застаецца ў памяці. Аднойчы я проста зацікавіўся – а да якога моманту я здолею беспамылкова трымаць у сабе столькі лічбаў? Мозг іх групуе, але ж без сур’ёзных трэніровак вельмі цяжка прыгадаць, што ідзе раней, а што пазней. Але памылак няма, прынамсі, я магу тут жа выправіць самога сябе. Некалькі дзён я ўвогуле не думаў пра лік пі, а потым паспрабаваў пералічыць па памяці. Не забыўся! І новыя лічбы па-ранейшаму самі дадаюцца, як толькі я зірну ў іх бок. На сённяшні дзень я трымаю ў памяці дзвесці дваццаць лічбаў пі пасля коскі. Методыкі не змяніліся: дзесьці падыходзіла рыфма, дзесьці аўтобусныя маршруты, дзесьці проста «пустыя» лічбы. Адзін раз мозг нават не дазволіў мне запомніць уласны год нараджэння (89) і гэтую частку згрупаваў так – 94-8-95-4. А «бессэнсоўнае» 8223172, на якім я спыніўся месяц таму, ён уявіў як 8-2231-7 (двойку дадаў у наступны блок – 25-35). Так што… Можа, яшчэ праз месяц я дасягну чацвёртай сотні, а можа, закіну гэтую справу і забудуся да першага дзясятка… Хто ведае? Адно скажу, такая трэніроўка дапамагла мне запамінаць іншыя лікі, якія патрэбны для працы ці іншых спраў. І яшчэ мне падабаецца бавіць час шпацыру да прыпынку ці ў аўтобусе, прыгадваючы лічбы пі пасля коскі…
11 кастрычніка 2026, Гомель, Шведская Горка;
09-13 лістапада 2026, Гомель (рэдактура, другая частка).
Свидетельство о публикации №226111301628