XV. Последняя зима в Капернауме

XV. АПОШНЯЯ ЗІМА Ў КАПЕРНАУМЕ


Капернаум сустрэў сяброў халодным сьнежаньскім галілейскім ветрам, які зыходзіў з Галілейскага мора, прымушаючы жыхароў кутацца ў больш цёплае адзеньне. Вучні разыйшліся па сваіх месцах, дамовіўшыся сустрэцца ў нядзелю, пасьля суботняга служэньня ў сынагозе. Пайшоў дадому і Ісус, дзе сустрэў хатняе цяпло, цяплыню сэрцаў родных людзей, а таксама і добры вечаровы пачастунак. Ноч прынесла добры адпачынак, заўсёды так неабходны пасьля нялёгкай вандроўкі.

Ранішняя прахалода не перашкодзіла Ісусу маліцца да Айца на беразе Галілейскага мора, хвалі якога, з раўнамернай перыядычнасьцю, накатвалі на бераг і сваім шыпячым гукам супакойваючы сэрца чалавека. Ісус і адчуваў супакой у прысутнасьці Айца, хаця ўжо і ведаў тое, што гэтая зіма станецца для Яго апошняй зімой у Капернауме. Ён падыходзіў да Свайго дому ў добрым настроі, ведаючы, што Яго чакае смачная ранішняя ежа. Праз некаторы час Ісус ужо падыходзіў да майстэрні Зэбедэя, каб працягнуць Сваю працу па ўдасканаленьню рыштунку рыбацкай лодкі.

Праз два дні прыйшла субота і Ісус, разам з маці і сястрой, накіраваўся ў сынагогу, дзе Яго ўжо чакалі некаторыя з вучняў. Пасьля служэньня Яго, як звычайна, затрымаў каля сынагогі немаленькі натоўп з тымі пытаньнямі, якія назапасіліся за час Ягонай адсутнасьці. Ісус, уважліва слухаючы, адказваў на гэтыя пытаньні, знаходзячы ў гэтых пытаньнях моманты, засяродзячыся на якіх Ён вучыў усіх прысутных праўдзе Айца. Астатнюю частку дня Ісус правёў дома з роднымі людзьмі, адказваючы на шматлікія пытаньні сястры Рут, якую вельмі цікавілі звычкі, паводзіны, а нават і адзеньне людзей тых краінаў, дзе вандраваў Ісус. Малітва, вячэра і начны адпачынак. Так і скончыўся гэты цудоўны суботні дзень.

Ранак для Ісуса пачаўся як звычайна. Малітва на беразе Галілейскага мора, сьняданак ад маці і вось Ён сустракаецца з вучнямі ды тымі, хто прыйшоў на сустрэчу ў іхнім агульным доме. У доме было ўжо даволі шмат людзей, сярод якіх Ісус заўважыў і фарысэяў, якія гучна спрачаліся з вучнямі. Ісус, неўзаметку ўвайшоўшы, слухаў ля дзьвярэй гэтую размову пра вернасьць ці нявернасьць у служэньні чалавека гаспадару, а нават і Богу. І якое дачыненьне мае да гэтага багацьце чалавека?

Крыху пачакаўшы, Ён прайшоў праз натоўп наперад і, паглядзеўшы на прысутных, зьвярнуўся зьвярнуўся да ўсіх: «Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны. Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае? І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае? Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне».

Не, нязгодныя былі фарысэі са словамі Ісуса, бо лічылі, што багацьце чалавека было доказам таго, што матэрыяльны дастатак ёсьць узнагародай ад Бога. А таму і чуліся з боку фарысэяў насьмешкі адносна словаў ад Ісуса. Ісус жа, аглядзеўшы ўсіх прысутных, павярнуўся да фарысэў, сказаўшы: «Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам. Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго. Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыска з Закону загіне. Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць».

Ісус бачыў у іхніх тварах зьдзіўленьне адносна апошніх словаў, сказаных Ім, але ня стаў тлумачыць іх, а зьвярнуўся да ўсіх прысутных з іншай гісторыяй: «Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся. А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах, і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя.

І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны. І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным, і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”. Але Абрагам сказаў: “Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар — ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся. І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць”.

Сказаў жа ён: “Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў”. Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць”. Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца”. Сказаў жа яму Абрагам: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”»

Усталявалася цішыня, а Ісус, праз невялікую паўзу, працягнуў, звьяртаючыся да вучняў: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых. Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму. І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».

Ня ўсё было зразумелым вучням, а таму яны зьвярнуліся да Ісуса: «Дадай нам веры». Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас. А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж за сталом”? Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”? Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю. Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».

Разыходзіліся вучні, як дарэчы і фарысэі, ў задуменьні ад таго, што яны пачулі ад Ісуса. Яны разумелі тое, што ўсё гэта трэба асабіста асэнсаваць, а пытаньні, якія непазьбежна пасьпеюць, яны паставяць перад Настаўнікам, з упэўненай надзеяй атрымаць на іх адказы. Ішоў дадому і Ісус, ведаючы думкі Сваіх вучняў і разумеючы тое, што працяг гэтай размовы яшчэ будзе. Цяпло дома і родных Яму людзей сагрэла Яго ад зімняга ветру, а смачная вячэра і набліжаючая ноч надалі Яму прыемнага супакою перад начным адпачынкам.

Амаль што ўвесь тыдзень Ісус працаваў у майстэрні Зэбедэя, калі настаў пасьлясуботні дзень і Ён сустракаў вучняў у іхнім агульным доме. Радасьць сустрэчы панавала ў кожным прысутным сэрцы і ўсе расказвалі пра тыя дзеі ды назіраньні, якія адбыліся за гэтыя дні. Былі пытаньні, былі і адказы, калі адзін з прысутных фарысэяў зьвярнуўся да Ісуса з пытаньнем: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?» Ісус бачыў спакушэньне ад фарысэяў, як працяг папярэдняй іхняй размовы, а таму, запрасіўшы цішыні, зьвярнуўся да прысутных: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх? “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”. Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, тое чалавек няхай не разлучае».

Фарысэі, пераглянуўшыся, адказалі Ісусу пытаньнем: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?» Ісус ня думаў доўга, калі адказаў ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак. А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».

Фарысэі не найшлі чым адказаць Ісусу, але гэтая размова не была скончанай і нехта з вучняў, добра ведаючы звычаі юдэяў, у некаторым расчараваньні прамовіў: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца». Уважліва паглядзеўшы на вучняў, Ісус прамовіў да іх: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена. Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».

Размова працягвалася яшчэ некаторы час, калі наперад выйшаў малады яшчэ чалавек, які прыйшоў з Цыпоры, каб запытаць Ісуса пра тое, што яго вельмі хвалявала: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?» Ісус, паглядзеўшы на маладога чалавека, адказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні: не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва; шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».

Чалавек жа гэты адказаў Ісусу: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?» Ісус прамовіў да яго: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною». Не чакаў малады чалавек такога адказу і, засмуціўшыся, выйшаў з дому на вуліцу. Словы Ісуса зьдзівілі і, адначасова, ашаламілі яго. Ісус казаў гэтыя словы так, як быццам бы ведаў тое, што ў яго была вельмі немалая маёмасьць. Ці ня глупства гэта – раздаць сваю маёмасьць убогім? На першы погляд,- так. Але чаму Ён так сказаў? Гэты Настаўнік ня мог прапанаваць яму нешта дрэннае, а таму ня трэба сьпяшацца, але лепш дабра абдумаць і дасьледаваць гэтае пытаньне.

А тым часам размова ў іхнім доме працягвалася, калі Ісус зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае. Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». Ну і дзянёчак. Здзіўленьне на зьдзіўленьне, а таму, сярод вучняў, ўзьнікла новае пытаньне: «Хто ж тады можа быць збаўленым?» Адказ Ісуса быў кароткім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».

Паўза, якая накрыла ўсю прастору дома, прыпынілася пытаньнем Пятра: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?» Ісус чакаў гэтага пытаньня, а таму хутка адказаў: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным сьвеце, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля. І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае».

На гэтым і скончылася гэтая незабыўная сустрэча, дзе многія прысутныя вандравалі ад зьдзіўленьня да ўсьведамленьня Божай праўды. Усе расходзіліся з невялікім жалем, што ўсё прайшло так хутка ды незаўважна па часе. Але і тыдзень таксама хутка праляціць і яны зноў зьбяруцца ў гэтым доме, каб спазнаць яшчэ нешта важнае. Ішоў дадому і Ісус, думаючы пра таго маладога чалавека, які намагаўся набыць вечнае жыцьцё. Ён бачыў таго сур’ёзным чалавекам, а таму спадзяваўся на тое, што гэты малады чалавек абавязкова задумаецца над словамі Ісуса.

Так прайшоў яшчэ адзін зімні месяц. Ранішняя малітва на беразе Галілейскага мора, праца ў майстэрні Зэбедэя, вольны суботні дзень і сустрэчы з вучнямі ў іхнім агульным доме, дзе Ісус вучыў ды настаўляў усіх, хто прыходзіў на гэтыя сустрэчы. Але вось падзьмулі вясеньнія вятры, калі зіма саступала цяплу ды абуджэньню прыроды. Хутка месяц нісан, калі сяляне выйдуць на свае палеткі, а рыбакі расправяць ветразі на прасторы Галілейскага мора. Рукі і сэрцы людзей сумавалі па той звыклай працы, якая чакала іх наперадзе Хутчэй бы.

Звыклым чынам, пасьля ранішняй малітвы і сьняданку, Ісус кіраваўся на сустрэчу з вучнямі, якія, як Ён меркаваў, ужо чакалі Яго. Яны працягнулі размову пра ўзаемаадносіны паміж бліжнімі людзьмі і як трэба ставіцца да свайго крыўдзіцеля. Ісус, узгадаўшы тэму размовы іхняй папярэдняй сустрэчы, сказаў да прысутных: «Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова.

Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік. Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе. Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе. Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».

Калі ж Ісус скончыў руку ўзьняў Пётр, зьвярнуўшыся да Настаўніка: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?» Зрабіўшы знак згоды рукой Ісус адказаў яму, зьвяртаючыся да ўсіх прысутных: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем.

Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі. Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.

Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”. А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася.

Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?” І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».

Цішыню, якая ўсталявалася ў доме пасьля сказанага, перарваў сам Ісус, калі абвесьціў усім пра тое, што, праз два тыдні, яны ідуць у Ерусалім на сьвяткаваньне Пасхі. Няхай да гэтага часу яны завершаць свае хатнія справы, каб без усякага цяжару ісьці ў гэтае вандраваньне. Як і ўсе, Ісус накіраваўся ў бок свайго дому, каб дапамагчы сястры Рут у падрыхтоўцы кавалка зямлі для пасадкі нейкіх садовых кветак.


Ад аўтара:

Калі Ісус казаў вучням пра вернасьць у даручаным ім справах, ня ўсе вучні зразумелі словы Настаўніка, але мы, як верныя вучні Хрыста, паспрабуем патлумачыць сказанае Ісусам.

Па тым, як чалавек выконвае нейкае малое даручэньне, бачна тое ці можна давяраць яму даручэньне больш значнае. Так і ёсьць у нашым жыцьці, бо хто атрымае павышэньне на пасадзе, калі не пакажа сваю шчырасьць і свае здольнасьці на больш сьціплым месцы? Ісус распаўсюджвае гэты прынцып і на жыцьцё вечнае, калі як-бы кажа нам: «На зямлі вам давяраюцца рэчы, якія, па сутнасьці, ня вашыя. Яны вам дадзеныя ў часовае распараджэньне і пасьля сьмерці яны застануцца тут. У нябёсах жа вы атрымаеце тое, што сапраўды будзе прыналежыць толькі вам. А атрыманае вамі ў нябёсах будзе залежыць ад таго, як вы адносіліся да даручанага на зямлі, пры сваім жыцьці».

Ніводная рыска з Закону не загіне. Менавіта так кажа Ісус, але як разумець тое, што згодна вучэньню Ісуса ў Божае Валадарства прыйдуць мытнікі ды грэшнікі. Фарысэі і кніжнікі гэтага не разумелі, але Ісус настойліва падкрэсьліваў тое, што Божае Валадарства зусім не азначае канец Закона і вялікія запаведзі застаюцца нязьменнымі. Нягледзячы на тое, што фарысэі ды кніжнікі ставілі перашкоды, каб не дапусьць у Божае Валадарства мытнікаў і грэшнікаў.

Каб паказаць непарушнасьць Закона, Ісус паказвае пастанову пра чужалоства. Юдэі праслаўлялі вернасьць і цноту, бо недарма рабіны казалі: «Акрамя чужаложства Бог прабачыць усё. Калі Бог бачыць распусту слава Яго знікае». Кожны юдэй павінен быў ахвяраваць сваім жыцьцём, але не рабіць забойства, ідалапаклонства ці чужаложства.

Але трагедыя часу была ў тым, што шлюбныя сувязі гублялі сваё значэньне. У вачах юдэйскага закону жанчына разглядалася як нейкая рэч. Ці магла жанчына развесьціся з мужам? Так, магла. Але толькі ў некалькіх выпадках. Калі мужчына заражаўся праказай, здраджваў сваёй веры ці радзіме і калі ён згвалціў нявіньніцу. Закон Майсея абвяшчаў: «Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных, бо ён знайшоў у ёй нешта паганае, няхай ён напіша ёй ліст разводны, дасьць яго ў рукі ейныя і выправіць яе ў дом ейны». Разводны ліст падпісваўся ў прысутнасьці двух сьведкаў і гэта ўсё, што было патрэбным для разводу.

Уся тагачасная складанасьць была ў тлумачэньні толькі адной фразы: «Знайшоў у ёй нешта паганае». У тыя часы існавалі два тлумачэньні гэтае фразы. Школа рабіна Шамая бачыла тут чужаложства і толькі чужаложства. Але школа рабіна Гілеля тлумачыла гэта зусім інакш: «Каля яна сапсавала ежу, калі яна на вуліцы размаўляла з незнаёмым мужчынай, калі яна непаважліва казала пра родных свайго мужа ў ягонай прысутнасьці і калі яна сварлівая жанчына».

Рабін Акіба пайшоў яшчэ далей, калі сцьвярджаў тое, што мужчына можа даць жонцы разводны ліст нават таму, што ён знайшоў жанчыну, якая прыгажэй за ягоную жонку. Зразумела, што згодна чалавечай прыродзе ў грамадзтве ўзяло верх тлумачэньне рабіна Гілеля.

Ісус жа абвяшчаў святасьць шлюбных сувязяў, дзе адзіным выключэньнем павінна быць чужалоства. Часам усім нам падаецца тое, што мы, у гэтым сэнсе, жывем у дрэнным часе. Але, як мы бачым, пакаленьне часоў Ісуса Хрыста не было лепшым. Разбураючы сямейнае жыцьцё, мы тым самым разбураем аснову хрысьціянскага жыцьця. Ісус жа абвяшчае тут закон, парушэньнем якога чалавецтва рызыкуе ўвогуле сваім існаваньнем.

А зараз прыпынемся на прыповесьці Ісуса пра багацея і ўбогага Лазара. Заўважым адразу тое, што гэта адзіная эвангельская прыповесьць, дзе ёсьць імя чалавека. Лазар (Элеазар), імя якога азначае – «Бог ёсьць маім апірышчам і дапамогай». Мы не будзем тут разважаць пра рай і пекла ды пра іхнія асаблівасьці, але паглядзем на гэтую гісторыю з іншай кропкі погляду.

Першая дзеючая асоба гэтай прыповесьці – багацей, які апранаўся ў пурпур ды вісон і кожны дзень гучна весяліўся. Адзеньне багацея шылася з тонкай льняной тканіны і каштавала вельмі дорага. Кожны дзень такое адзеньне было на ім і кожны дзень ён спажываў ежу, якая каштавала вельмі дорага. І ён не працаваў, бо гучна весяліўся і гэтым самым парушаў запаведзь Бога: «Шэсць дзён працуй». У краіне, дзе людзі радаваліся таму, што маюць на стале мяса адзін раз на тыдзень, гэты багацей паказвае ўсім бяздзейнасьць і патураньне.

А зараз убогі ды хворы Лазар, які ляжаў непадалёк і чакаў нейкіх адкідаў са стала багацея. Для даведкі адзначым, што ў тыя часы не было відэльцаў ды сурвэтак, а ежу елі рукамі і ў багатых дамах рукі выціралі лустамі хлеба, якія потым і выкідвалі. Менавіта гэтыя лусты хлеба і чакаў убогі Лазар.

Так было ў сьвеце, але потым карціна зьмянілася радыкальна. Пасьля іхняй сьмерці Лазар апынуўся каля Абрагама, а багацей накіраваўся ў пекла. У чым жа грэх багацея? Ён не праганяў Лазара і ня быў супраць таго, што Лазар атрымліваў хлеб з ягонага стала. І ён ня здзекваўся над Лазарам, тым больш наўмысна. Грэх багацея ў тым, што ён быў абыякавым да гэтага ўбогага, лічачы стан Лазара нануральным і непазьбежным. Нехта сказаў пра багацея так: «Багацей прыйшоў у пекла не за тое, што ён зрабіў, а быў асуджаны на мукі за тое, што ён не зрабіў».

Грэх багацея ў тым, што ён мог спакойна бачыць пакуты і галечу, якія не напаўнялі ягонае сэрца жалем і спачуваньнем. Ён бачыў сабрата, які пакутваў ды галадаў, але нічога не рабіў, каб выправіць гэтую сітуацыю. І таму быў пакараным за тое, што не заўважаў такое дрэннае становішча бліжняга.

Усім нам можа паказацца вельмі жорсткім тое, што Абрагам адмовіў багацею паслаць Лазара да ягоных братоў з папярэджаньнем пра іхні далейшы лёс. Але павінна быць зразумелым тое, што калі вам дадзена Слова Божае, дык калі вы бачыце гора і галечу, якім патрабуецца дапамога і вас гэта не кранае – вам ужо ніяк не дапаможаш. Якое жахлівае папярэджаньне. Багацей зграшыў ня тым, што зрабіў дрэннае, але тым, што не зрабіў нічога добрага.

Гісторыя пра багатага маладога чалавека пралівае ўсім нам яркае, але трагічнае сьвятло на тыя небясьпекі, якія нараджае багацьце. Ісус і падкрэсьлівае гэта ў сваіх словах: «Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». Давайце ж разам асэнсуем гэтыя словы Ісуса.

Вярблюд быў найбольш буйной жывёлай, якая была вядомай юдэям таго часу і, у асноўным, выкарыстоўваўся для перавозкі розных тавараў з горада ў горад. Гарадзкі ж мур меў, як правіла, две брамы побач: вялікую галоўную, праз якую праходзілі ўсе, у тым ліку і вярблюды, а побач знаходзілася маленькая брама, якая працавала толькі ў начны час, калі вялікая брама зачынялася. Вось гэтая брама і называлася вушкам іголкі, бо нават чалавек мог прайсьці тут толькі сагнуўшыся. Ісус і паказваў тое, што багацею цяжка ўвайсьці ў Божае Валадарства, як і вярблюду увайсьці ў горад праз гэтую малую браму. У чым жа заключана цяжкасьць уваходу багатага ў гэты Божы горад?

Багацьце дае чалавеку ілжывае пачуцьце незалежнасьці. Калі чалавек мае ўсе даброцьці сьвету, ён пачынае думаць, што можа здолець з любой сітуацыяй, бо грашыма можа купіць выхад з яе. Ён пачынае думаць, што можа купіць сабе шчасьце ці адкупіцца ад няшчасьця. Бога тут няма. Але прыходзіць час, калі чалавек усьведамляе, што ёсьць тое, што нельга купіць за грошы, як і тое, што, часам, горошы яго ня збавяць ад небясьпекі.

Багацьце прысьцёгвае чалавека да гэтага сьвету. Ісус таму і сказаў: «Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае». Калі жаданьні чалавека абмяжоўваюцца гэтым сьветам, ён ніколі ня думае пра іншы сьвет і пра будучае ў нябёсах.

Багацье звычайна робіць чалавека эгаістам. Як бы многа грошай у чалавека не было, чалавечая прырода жадае яшчэ большага, як і сказаў нехта на гэты конт: «Дастаткова – гэта заўсёды больш, чым у чалавека ёсьць». Акрамя таго, калі чалавек жыве ў раскошы, ён заўсёды баіцца таго дня, калі ён усё згубіць, а таму жыцьцё ператвараецца ў барацьбу за ўтрыманьне ўсяго гэтага, а нават і павялічэньне свайго багацьця.

Але Ісус ніколі не казаў пра тое, што багатаму немагчыма ўвайсьці ў Божае Валадарства. Прыпамятаем Закхея з Ерыхона, Язэпа з Арыматэі, Нікадыма з Ерусаліма. Гэта былі багатыя людзі, якія знайшлі Божае Валадарства. Багацьце ня ёсьць грахом, але яно мае ў сабе і небясьпеку, калі паштурхоўвае чалавека забыцца Бога. Ня будзем забывацца пра гэта і мы.

Мы ж, усьвядоміўшы словы Ісуса, пабудзем яшчэ два тыдні ў Капернауме, назіраючы за Ісусам і Ягонымі вучнямі, каб разам з імі пайсьці у Ерусалім і быць сьведкамі найвялікшай падзеі, якая падзеліць час гэтага сьвету на стары і новы.


Рецензии