Xvi. путь до креста

XVI. ШЛЯХ ДА КРЫЖА


Вось і настала апошняя нядзеля ў Капернауме. Дзьмулі ўжо дастаткова цёплыя ветры, прыносячы жыцьцё на палі і ў даліны. Ажывала і грамадзтва, гатуючыся кожны да сваіх вясеньніх справаў. Рыбакі гатавалі свае лодкі, а земляробы гатавалі ўсё для апрацоўкі ды засеву зямлі. Прырода ўсё больш і больш прачыналася, запрашаючы людзей паўдзельнічаць у сваіх справах. Усё як звычайна, з года ў год.

Ісус ішоў па вуліцы ў напрамку да іхняга агульнага дому, разважаючы пра тое, што Ён павінен ужо даводзіць да вучняў тое, што Ягоны зямны час падыходзіць да фінальнага служэньня ў Ерусаліме. Ён ведаў гэта яшчэ на гары, калі да Яго прыходзілі Майсей ды Ільля. Ісус ня вельмі раскрываў вучням пра далейшыя падзеі, але зараз Ён павінен падгатаваць іх да найвышэйшай кропкі Ягонага зямнога жыцьця. З гэтымі думкамі Ён і ўвайшоў у іхні дом, дзе Яго ўжо чакала нямала людзей, якія прыйшлі з многіх куткоў Галілеі.

Гоман галасоў амаль што сьціх, калі фарысэі запыталі ў Ісуса пра час прыходу Божага Валадарства. Зрабіўшы знак цішыні, Ісус адказаў на гэтае пытаньне, зьвярнуўшыся да ўсіх: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна. І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць». І, павярнуўшыся да вучняў, дадаў да сказанага: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.

І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся, бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым. І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага: елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.

Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі, а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю і загубіў усіх. Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца. Памятайце жонку Лота. Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе. Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты; дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая; двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».

Але ня трэба журыцца, чакаючы гэтага. Трэба жыць зараз і сёньня, зьвяртаючыся да Бога ў настойлівай малітве. І Ісус зьвярнуўся да прысутных з простай жыцьцёвай гісторыяй адной удавы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”. І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”».

Пасьля невялікай паўзы Ісус працягнуў: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і будзе доўгацярплівым, ня слухаючы іх? Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»

Ісус зьвярнуўся і да фарысэяў, якія спрачаліся з прысутнымі пра сваю праведнасьць. Ісус чуў гэтую спрэчку пры ўваходзе ў дом, а таму і прамовіў да іх: «Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік. Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік. Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.

А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”. Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны». Ісус паглядзеў на фарысэяў, але ніхто з іх не пачаў спрачацца з Ісусам, бо ўсе маўчалі, разумеючы праўдзівасьць словаў гэтага Настаўніка.

Яшчэ некалькі гадзін цягнулася гэтая размова, калі Ісус абвесьціў да Сваіх вучняў тое, што яны праз тыдзень, з гэтага месца, выходзяць у накірунку Ерусаліма, дзе хутка адбудзецца традыцыйнае сьвята Пасхі. Дома Ісуса чакалі маці і сястра Рут, калі Ён, ужо за сталом, абвесьціў ім, што ў наступную нядзелю Ён, з вучнямі, накіроўваецца ў Ерусалім. Яны дамовіліся, што маці, па свайму жаданьню, таксама можа ісьці з імі, а Рут застанецца дома на гаспадарцы.

Ісус завершыў пэўны этап працы ў майстэрні Зэбедэя, перадаўшы большую частку заробленых грошай маці для падтрымкі хатняй гаспадаркі. Увесь гэты тыдзень Ён праводзіў дома ці каля яго, упарадкоўваючы хатні уют ды дапамагаючы сястры Рут на іхнім невялічкім зямельным надзеле. Так, неўзаметку, і прайшоў гэты тыдзень, уключаючы суботу, калі яны, усе разам, былі ў сынагозе на суботнім служэньні.

Раніцу нядзелі Ісус сустрэў, як звычайна, на беразе Галілейскага мора ў малітоўнай размове з Айцом, каб потым, пасьля сьняданку, выправіцца ў запланаванае падарожжа на Ерусалім. Маршрут быў вызначаны звычайным, калі яны пойдуць уздоўж берагу Галілейскага мора на Магдалу, а далей да Ярдану, каб потым накіравацца на поўдзень, у бок Ерыхона. Усе сабраліся ў іхнім агульным доме і, пасьля агульнай малітвы, выступілі ў гэтаю гістарычную вандроўку.

Сонца ўздымалася над морам і адблісквала ў набягаючых невялікіх вясновых хвалях. Сябры ішлі па дарозе, назіраючы гэтае хараство і кожны думаў пра тое сваё, якое фізічна засталося там, у-ва ўчорашнім дні, але застанецца ў сэрцы вандроўніка на той час, пакуль ён ня вернецца дадому. Усе, акрамя Ісуса, які ійшоў побач Сваёй маці, думаючы не пра мінулае, але пра тое, што Яго чакае ў бліжэйшай будучыні. Усе ж разам, гледзячы на абуджэньне прыроды, радаваліся гэтай звычайнай зьяве так, як быццам бы гэта адбываецца ўпершыню.

Магдала сустрэла іх цяплом ужо дзённага цяпла, калі яны накіраваліся да дому Юды, дзе іх ужо чакала Марыя, каб даведацца пра далейшы план іхняе вандроўцы, будучы гатовай прыяднацца да ўсіх нават і ў гэты час. Марыю цёпла віталі маці Ісуса і Саламія, маці сыноў Зэбедэевых, якая таксама пайшла разам з усімі вандроўнікамі. Праз некаторы час прыйшоў і дзядзька Ісуса, каб павітаць пляменьніка, а разам з Ім і ўсіх астатніх вучняў, з якімі ён быў ужо няблага знаёмым. Юда, праз некаторы час, запрасіў усіх да стала, які быў прыгатаваным з удзелам Марыі, якая прыйшла да Юды яшчэ зранку. Цяплыня сустрэчы гэтых родных сэрцаў, надавала ўсім такой пяшчоты ды ўзаемнай любові, што радасьць сустрэчы адбівалася ў сэрцах усіх прысутных за гэтым сталом.

У хуткім часе яны сядзелі на беразе Галілейскага мора, калі Ісус, зьвярнуўшыся да ўсіх тут прысутных, прамовіў да іх: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». Балючая стрэмка зашчаміла ў сэрцы маці Ісуса, але вучні і тыя, хто быў побач з імі, нічога з гэтага не зразумелі, быццам бы словы гэтыя былі схаванымі для іхняга разуменьня. Дзень падыходзіў да свайго завяршэньня і усе, у добрым настроі, гатаваліся да начнога адпачынку, каб заўтра зранку працягнуць свой шлях у Ерусалім. Неспакойна было толькі на сэрцы маці Ісуса, якая адчула ў словах свайго Сына нешта жахліва рэальнае.

Сонца ужо расплёсквала свае прамені з усходу на паверхню Галілейскага мора, калі вандроўнікі працягнулі свой шлях у накірунку Скіфапаля. Яны мінулі Тыберыяду, кіруючыся да паўдзённай частцы Галілейскага мора, дзе яны і павярнулі на шлях, які накіроўваў іх у бок Скіфапаля. Знайшоўшы месца для адпачынку, група вандроўнікаў прыпынілася, калі да Ісуса падыйшла Саламія, маці сыноў Зэбедэя з нечаканай прапановай: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».

Ісус, уважліва паглядзеўшы на Саламію і яе сыноў, якія падыйшлі да яе, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем,  якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам». І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім». Зьбянтэжаныя браты адыйшлі ад Ісуса, але гэта не засталося незаўважаным астатнімі вучнямі Ісуса, якія падступіліся да іх з папрокамі.

Ісус адразу заўважыў гэтую сварку і, каб не дапусьціць працягу непатрэбнага, паклікаў іх да Сябе, каб сказаць да іх: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі. А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым, і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе слугою вашым, як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх». Словы Ісуса падзейнічалі на вучняў так, што яны, паціснуўшы адзін аднаму рукі, пайшлі за Настаўнікам у далейшы шлях.

Сонца хілілася на захад, гатуючыся схвацца за гарамі, калі вандроўнікі прыпыніліся каля прыдарожнай карчмы на начны адпачынак. Жанчыны ўладкаваліся ў гасьцінічным пакоі карчмы, калі астатнія вандроўнікі размясьціліся на пастаялым двары пры карчме. Дзень яшчэ не саступіў ночы і пасьля вячэры нехта з вучняў запытаўся ў Ісуса пра тое, як павінен паводзіць сябе чалавек: ці ня так, як вучаць фарысэі? Ісус падзякаваў за гэтае сур’ёзнае пытаньне і прамовіў да ўсіх прысутных:

«Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць. Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся. Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў. Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць. Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся.

Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам. Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб’ёў. Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі, а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі. І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана. А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць, бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць».

Ян, які сядзеў непадалёк ад Ісуса, таксама зьвярнуўся да Яго з патаньнем пра адносіны чалавека да багацьця? Ісус, папрасіўшы знакам цішыні прапанаваў да прысутных прыповесьць: «У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі, і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?” І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, і скажу душы маёй: 'Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся'.” А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?” Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее».

Ісус ня скончыў на гэтым і, узьняўшыся, працягнуў: «Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца. Душа большая за ежу, і цела — за адзеньне. Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак? І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае?

Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы. І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся. Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна. Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам.

Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства. Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць. Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя, і вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя. Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, ён чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце».

Цемра ночы перамагала сьвятло сонца, якое ўжо схавалася за вяршынямі гор, а гэта азначала і тое, што вандроўнікі павінны ўжо класьціся на адпачынак, каб зранку працягнуць свой шлях у напрамку Ерыхона. Але сон не адразу прыходзіў да іх, бо розум яшчэ асэнсоўваў словы Ісуса, якія яны пачулі на гэтым месцы. Напружанасьць дарогі і фізічная стомленасьць узялі сваё і, праз некаторы час, вандроўнікі ўжо спалі спакойным сном. Ня спаў яшчэ толькі Ісус, які думаў ня толькі пра заўтрашні дзень, але і пра тое бліжэйшае будучае, якое чакае Яго на прыканцы гэтае вандроўкі.

Малітва і ранішні сьняланак узбадзёрылі вандроўнікаў, якія ў добрым настроі крочылі далей па дарозе на Ерыхон. Злева іх прывабліваў ранішні Ярдан, які зьмяёй рухаўся да Мёртвага мора, аддаляючыся ды набліжаючыся да вандроўнікаў, якія з зацікаўленасьцю сустракалі кожную такую сустрэчу. Справа, паміж шляхам і горамі, яны бачылі цудоўную стракатую даліну, дзе сяляне аралі свае надзелы, каб засеяць іх для будучага ўраджаю.

Вандроўнікі ўжо падыходзілі да Ерыхону, калі яны пачулі гучны воклік нейкага чалавека, які сядзе ля дарогі: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!» Ісус, пачуўшы гэты крык і даведаўшы пра тое, што гэта крычыць сьляпы жабрак, загадаў прывесьці яго да Сябе і, пачуўшы надзею сьляпога жабрака на аднаўленьне зроку, сказаў таму: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе». І цуд стаўся, а ацалённы чалавек, праславіўшы Бога, пайшоў разам з усімі ў Ерыхон.

Вестка пра тое, што ў горад уваходзіць вялікі Настаўнік, як гэта і бывае на Ўсходзе, бегла далёка наперадзе групы вандроўнікаў, расказваючы жыхарам Ерыхону пра ацаленьне сьляпога жабрака, якога ў горадзе ведалі ўсе. Ерыхонцы, узбуджаныя гэтай весткай, зьбяраліся ў натоўп, каб сустрэці гэтага знакамітага Чалавека. Сярод гэтых ерыхонскіх жыхароў быў чалавек на імя Закхей, які быў начальнікам мытнікаў і быў чалавекам багатым. Ён ужо шмат што чуў пра Ісуса і даўно ўжо шукаў убачыць Яго. Але ягоны малы рост не дазваляў яму зрабіць гэта сярод вялікага людзкога натоўпу. Кемлівы Закхей, ня будзь ён мытнікам, узьлез на фігавае дрэва, каб хоць убачыць Ісуса ў той час, калі Ён будзе праходзіць каля яго. Але што гэта?

Ісус, падыйшоўшы да фігавага дрэва, нечакана прыпыніўся і, падняўшы галаву, зьвярнуўся да Закхея: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім». Імгненны шок, які працьцяў Закхея прайшоў, калі, с хуткасьцю маланкі, ён сасклізнуў з дрэва і запрасіў Ісуса ў свой дом. Яны ішлі да Закхея, а ў натоўпе гучалі зьдзіўленыя, як і незадаволеныя, галасы пра тое, што Ісус ідзе да грэшнага чалавека. Але Закхей быў у вялікай радасьці таму, што прымае ў сваім доме гэтага вялікага Настаўніка, пра сустрэчу з якім ён так доўга марыў.

Прыйшоўшы ў дом, Закхей даў даручэньне сваім хатнім падгатаваць пачастунак для дарагіх гасьцей, а сам, ад шчырага сэрца, зьвярнуўся да Ісуса: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра». Ісус жа, крыху нахіліўшыся, абняў Закхея і прамовіў да ўсіх прысутных: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».

Неўзабаве пачастунак быў падгатаваным і ўсе запрошаныя разьмясьціліся за сталом. Закхей, размясьціўшыся за сталом побач Ісуса, надхнённа казаў Яму, што сёньня здарылася тое, пра што ён думаў увесь апошні час і вось зараз ён адчувае сябе вучнем знакамітага Настаўніка, каб вучыцца ў Яго праведнасьці ды сьвятасьці. Жыцьцё зазіхацела, калі Закхей адчуў тое, што будучы каля Ісуса ён любіць усіх атачаючых яго людзей, нават і тых, хто выказваў, пакуль што, сваю неўхваляльнасьць да мытніка Закхея. Дзень падыходзіў да свайго завяршэньня і Закхей запрасіў усіх разьмясьціцца на начны адпачынак у сваім прасторным доме, каб ім раніцай працягнуць шлях і ўзыйсьці ў Ерусалім.

Ад Ерыхону да Ерусаліму недалёкі шлях і ўжо праз тры гадзіны яны падыходзілі да дому Лазара ў Бэтаніі, дзе вандроўнікі і зрабілі перапынак. Была нядзеля і наперадзе яшчэ быў цэлы дзень, калі Ісус паклікаў вучняў і вызначыў двух каб тыя пайшлі ў суседняе мястэчка Бэтфага, каб выканаць наступнае: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце. І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды».

Вучні пайшлі ў гэтае мястэчка і адразу знайшлі асьляня, якое было прывязаным каля брамы на вуліцы. Калі ж яны адвязвалі яго, з дому выйшаў гаспадар, але, калі ён пачуў словы Ісуса, адпусьціў іх разам з асьлянём. Убачыўшы іх Ісус сказаў ім, што менавіта на гэтым асьляняці Ён павінен увайсьці ў Ерусалім. Ян ды Тамаш зьнялі сваё верхняе адзеньне і паклалі яго на асьляня, каб Ісус сеў на яго пры ўваходзе ў горад.

Вось ён, уваход у Ерусалім. Постаць Ісуса вярхом на асьляняці ўзрушыла мноства людзей, якія ішлі на галоўнае сьвята Ізраіля. Яны ведалі ад бацькоў пра тое, як гэтай жа дарогай узыходзіў Сымон Макабэй пасьля перамогі над войскам Антыёха. Былі сьпевы, пальмавае вецьце і славаслоўе ў адрас пераможцы. Людзі і ўбачылі ў гэтым Настаўніку пераможцу, які вызваліць іх ад рымскага прыгнёту. Яны расьцілалі перад ім сваё адзеньне ды пальмавае вецьце. Паўсюдна, на гэтым шляху, чуліся выкрыкі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада! Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!»

Так яны і ўвайшлі ў Ерусалім, але людзі разыйшліся, бо ўжо вечарэла і кожны жадаў уладкавацца на ноч. Ісус, з вучнямі, таксама не застаўся ў горадзе і вырашыў вярнуцца ў Бэтанію да Лазара, які ўжо чакаў іх з цудоўнай вячэраю. Смачная ежа, цяплыня адносінаў, а таксама і дзённая стомленасьць – усё гэта спрыяла да доўгачаканага начнога адпачынку.

Ўсё заціхла, калі Ісус, сідзячы каля дома, маліўся да Айца, гледзячы ў зорнае начное неба. Ён ужо ведаў тое, што гэты тыдзень ёсьць апошнім зямным тыднем Ягонага зямнога жыцьця, а таму і прасіў Айца ўмацаваць Яго фізічна і духоўна. Няхай будзе так, як дасьць Яму Айцец, бо Ён на тое і нарадзіўся.



Ад аўтара:

Каля паўночнай брамы Ерыхона сядзеў сьляпы жабрак, на імя, дарэчы, Бартымей. Пачуўшы гоман падыходзячых людзей, ён запытаў, што адбываецца. І, калі даведаўся пра Ісуса, ён узьняў крык, каб прыцягнуць Ягоную ўвагу да сябе. Настойлівасьць Бартымея дала свой плод і, у выніку, ён пачаў бачыць. Адбыўся цуд. І гэта вельмі павучальная гісторыя для ўсіх нас, бо без настойлівасьці Бартымея ніякага цудоўнага дзеяньня не магло атрымацца. Але, усё па парадку.

Мы бачым настойлівасьць Бартымея у тым, што ён павінен сустрэцца з Ісусам. Таксама і тое, што ён хутка падыйшоў да Ісуса, калі Ён паклікаў Бартымея. Мы бачым ягонае адзінае жаданьне – бачыць і гэта ёсьць прыкладам для ўсіх нас. Калі мы, як і Бартымей, будзем зьвяртацца да Ісуса з нашымі канкрэтнымі праблемамі, дык усё жадаемае збудзецца.

Трэба вызначыць і тое, што Бартымей меў скажонае ўяўленьне пра Ісуса, калі ён называе Яго сынам Давіда, хаця тут прысутнічае тытул Мэсіі, валадара з калена Давідавага, які прывядзе Ізраіля да нацыянальнай велічы. Ці гэта так? Але Бартымей верыў і гэтая вера была нашмат большай, чым недахопы ягоных багаслоўскіх уяўленьняў. Так бывае, бо як казаў адзін мудры чалавек: «Трэба патрабаваць ад людзей каб яны думалі, але ня трэба чакаць, што яны стануць багасловамі, пакуль яны не стануць хрысьціянамі». Што гэта азначае?

Хрысьціянства пачынаецца з асабістага ўспрыманьня Хрыста, з пачуцьця любові, з пачуцьця таго, што толькі Ён можа нам даць неабходнае, нават і тады, калі мы здольныя толькі на шчыры адказ чалавечага сэрца. Мы бачым, што Бартымей пайшоў за Ісусам, калі ён пачаў бачыць. Ён пачаў са сваёй патрэбы, перайшоў да падзякі і скончыў вернасьцю, а гэта і ёсьць сапраўдныя прыступкі вучнёўства.

Ерыхон быў багатым ды важным горадам. Ён разьмяшчаўся ў пладароднай даліне Ярдана на перакрыжаваньні важных шляхоў. Каля горада знаходзіўся вялікі пальмавы лес і знакаміты гай бальзамавых дрэваў, пах якіх разносіўся на многія кіламетры навокал. Ружовы сады былі вядомымі па ўсёй імперыі. Язэп Флаві называе Ерыхон «боскай зямлёю» і самай пладароднай зямлёю ў Палестыне. Рымляне з задавальненьнем вывозілі адсюль фінікі і бальзам, якія былі вельмі вядомымі ў рымскім сьвеце.

Ерыхон прыносіў дзяржаве вялікія даходы з падаткаў ды пошлінаў, якія і зьбіралі мытнікі, добра, пры гэтым, узбагачаючыся. Начальнік мытнікаў Закхей знаходзіўся на вяршыне сваёй кар’еры, але ня быў у пашане сярод жыхароў Ерыхона. Закхей быў багатым, але ня быў шчасным. Ён шмат чуў пра Ісуса тое, што Ён добра ставіцца да мытнікаў і грэшнікаў і спадзяваўся на добрае слова ад Ісуса, бо імкнуўся да Божай любові.

Закхей вырашыў, што ён павінен пабачыць Ісуса, што б яму не пагражала. А пагроза была, калі ён апынуўся сярод натоўпу людзей, якія яго ненавідзелі. Малы рост не даваў яму магчымасьці ўбачыць Ісуса і таму ён узьлез на дрэва ля дарогі, па якой павінен ісьці Ісус. І вось радасьць, бо сам Ісус абвесьціў тое, што будзе сёньня госьцем ў ягоным доме. Радасьці Закхея няма межаў, бо сам Ісус стаўся ягоным сябрам, а таму ператварыўся ў іншага чалавека, калі прыняў рашэньне аддаць палову свайго багацьця бедным людзям, а таксама і яшчэ частку, каб загладзіць магчымае зло перад людзьмі.

«Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы». Так, гэта пра Закхея, але трэба правільна разумець гэтыя словы. У Новым Запавеце гэта не азначае «пракляты ці асуджаны». Гэта азначае толькі тое, што рэч знаходзіцца не на сваім месцы. Калі мы знаходзім згубленую рэч, мы вяртаем яе на тое месца, на якім яна і павінна быць. Загінуўшы чалавек збочыў з сапраўднага шляху і адыйшоў ад Бога, але яго знайшлі і збавілі, так што зараз ён займае сваё месца ў сям’і свайго Айца.

Наперадзе апошні зямны тыдзень Ісуса і мы, разам з вамі, будзем з Ім да апошняй хвіліны Ягонага зямнога служэньня.


Рецензии