Люблю час ад часу перачытваць кніжныя бэстсэлеры майго дзяцінства – «Застава на Якорном Поле» Ул. Крапівіна, «Красная Рука, Чёрная Простыня, Зелёные Пальцы” Э. Успенскага і гэтак далей.
Надысь перачытвала «Клетку для буйных» А. Цюрына і А. Шчогалева. Упершыню я прачытала гэты шэдэўр, калі мне было гадоў дзесяць-адзінаццаць. Аповесць друкавалася па частках у газеце, калі не памыляюся, «Піянерская праўда». Памятаю, што была я ў дзікім захапленні (героі аповеду мне нават сніліся) , і ў той жа час у засмучэнні – мне так і не пашчасціла сабраць усе нумары газеты і прачытаць аповесць цалкам.
І толькі цяпер, даўно ўжо выйшаўшы з дзіцячага ўзросту і зрабіўшыся дарослай цёткай, я нарэшце спампавала поўную версію і ўсё-ткі прачытала аповесць з пачатку да канца. Гэта ўжо не зусім той твор, які я чытала ў выданні для савецкіх піянераў і школьнікаў. Тэкст адцюнінгавалі і праапгрэйдзілі для большай адпаведнасці Zeitgeist (то бок Духу Часу). У новай версіі з'явіўся Інтэрнэт, мабільныя тэлефоны, алігархі і Біл Гейтс, а таксама сучасны маладзёжны слэнг і з’едлівы сцёб – ізноў-ткі ў адпаведнасці з духам эпохі.
Ну а ў астатнім – гэта ўсё той жа шызафрэнічны кібер-баявік майго дзяцінства, які ад апгрэйдаў стаў толькі прыгажэй. Прачытала з захапленнем і літаральна на адным дыханні, атрымаўшы гэткую ж асалоду, як і …наццать гадоў таму. З цяжкасцю верыцца, што ўсё гэта было напісана ў эпоху позняга сацыялізму, у апошнія гады Перабудовы. Гэта ж сапраўдны кіберпанк, змова Штучнага Інтэлекту супраць Чалавецтва амаль у стылі Дэна Сіманса (тэтралогія “Гіперыён”). Толькі ў Сіманса Штучны Звыш-Інтэлект ператвараў людзей у рабоў, прышчэпліваючы ім крыжаформы (cruciform) – прадукт д’ябальскіх нанатэхналогій, а ў “Клетцы…” замест крыжаформаў - слізкія кібер-пачваркі са шчупальцамі, гэткія мазгавыя смаўжы. І як і ў Сіманса, супраць зламыснага Штучнага Інтэлекту паўстае звычайны “калдыр” – двоечнік і раздзяўбай.
Цудоўна проста, не чытво, а мора задавальнення. Дзіўна, што “Клетку…” дагэтуль не экранізавалі. Атрымаўся б блокбастэр не горш за “Матрыцу”!
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.