Даруй!

        Сонечны праменьчык пяшчотна дакранаецца да маёй шчакі. Крыху мацнейшы подых ветру - і патурбаваная лістота спалохана шапаціць, а на маім твары збянтэжана мітусяцца яе паўпразрыстыя цені. Так хораша, забыўшыся пра духмяныя суніцы, дзеля якіх я і прыйшла сюды, ляжаць у траве на ўскрайку леса, прыслухоўвацца да гукаў наваколля, адчуваць лёгкае казытанне  травы. Так было, так ёсць і так будзе. Я быццам удыхаю гэтыя словы, разлітыя ў паветры, і ціхутка вымаўляю іх, а яны з удзячнасцю, асцярожна пацалаваўшы мае вусны, вяртаюцца на сваё месца і зліваюцца з пошумам асін.
        А ці здолее нехта пачуць падобныя словы праз сто ці дзвесце год? Баюся, што не. Баюся, што крышачку наіўная, але такая ласкавая і прыгожая мова, якая вельмі адпавядае гэтаму прыемнаму чэрвеньскаму дню, якая адвеку звязана з тутэйшай прыродай, не вытрымае  сёнешняга тэмпу і непрыкметна сканае ў маленькай вёсачцы, згубленай у лясах. Мова наша падобна да старэнькай мудрай матулі, якая заўсёды чакае нас, заўсёды гатова прытуліць, даць сіл і натхнення. Толькі сама яна не адважыцца без запрашэння прыехаць у вялікі незнаёмы горад, няхай сабе і да родных дзяцей. А тыя не тое што здрадзілі яе, але неяк саромеюцца, ва ўсім вінавацячы недахоп часу, стос штодзённых праблем. Я і сама з тых, хто зрэдку завітвае  да цябе, але ніколі не губляе ўнутранай сувязі. Даруй мне, родная, і жыві насуперак усяму!
 


Рецензии
Да,всегда нам хочется быть с природою на ты
И понимать друг друга,делится заботой с ней,
Ведь она дана нам и даёт всё для счастья.

С уважением.

Юрий Симоненков   05.08.2022 19:21     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.