Валасы, якiя крычаць на галаве

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Вечар перад Новым Годам" http://www.proza.ru/2014/12/11/390
            (Версия на русском языке: )




 ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ

      — У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:

      — А дзе ты будзеш палуднаваць?

      — Ды дзе Бог дасць, — адказваю. — З грашыма ў горадзе галадаць не будзем.

      — Хадзем у карчму да Карлісана, там заўсёды добра частуюць.

      — А ці не будзе задорага шляхціцу?

      — Не даражэй, чым усюды; а калі крыху і больш заплацім, дык смачней і паямо; сабе шкадаваць няварта.

      Згадзіўся. Заходзім у велізарны пакой; было там некалькі асобаў. Яны елі, курылі люлькі, смяшылі адзін аднаго, успамінаючы недахопы і дзівацтвы сваіх знаёмых; здзекаваліся з усіх, не шануючы ні кабет, ні старых.

      Седзячы за сталом, здзіўлена паглядаў я на гэтых шылахвостаў: як яны выхваляліся сваёй дасціпнасцю, рагаталі так, што звінелі шкляніцы, і глядзеліся ў люстэрка, не раўнуючы, як дзяўчаты на выданні.


      — Добра часам і ў карчме пабываць, — сказаў доктар. — Тут людзі смялей здымаюць з сябе маскі, і тут найдакладней можна ўбачыць, які хто ёсць.

      Ледзь гэта сказаў, заходзіць нехта высокі, валасы густыя, натапыраныя, вочы неспакойныя, твар поўны, бледны, быццам у ім і жоўць і вада. Усе на яго паглядзелі; ён сеў на канапу і, хапіўшыся за галаву, заенчыў:

      — Няма ім спакою.

      Пасля папрасіў падаць яму шклянку рому, палову выпіў і, быццам задуманы, сядзеў колькі хвілін моўчкі; потым падняўся і агледзеў сябе ў люстэрку.

      — О! — кажа, паклаўшы руку на голаў. — Цяпер, прынамсі, не варушацца, змоўклі на нейкі час.

      Усе дзівіліся, а мой таварыш сказаў:

      — Ты, як бачу, нездаровы, мусіць, пакутуеш ад галавы; не думаю, каб ром мог дапамагчы, — яшчэ больш нашкодзіць.

      — Хіба прасіў я ў цябе рады?

      — Я доктар, гэта мой абавязак.

      — Доктар, а маіх пакут не ведаеш. Скажы мне лепей, якая смерць лягчэйшая, бо я, не маючы надзеі ачуняць, мушу памерці.

      — Я прысягаў падаўжаць чалавечае жыццё, а не паказваць шляхі да смерці.

      Смерць сама да нас прыйдзе.

      — Смерць сама да нас прыйдзе, твая праўда, але хто пра гэта не ведае?

      — Так, гэтую праўду ўсе ведаюць, ды не ўсе пра яе думаюць.

      — Адным жыццё любае; а хто так, як я, пакутуе, таму няма чаго на свеце шкадаваць.

      — Дык на што ты ўсё-ткі хворы?

      — Валасы, валасы атруцілі маё жыццё!

      Калі ён гэта гаварыў, дык за суседнім сталом весела засмяяліся і адтуль пачулася:

      — О! Бо былі гэта валасы з прыгожае касы!

      — Не трэба было адразаць; бо без іх сімпатыя, як сарваная кветка, вяне.

      — Надакучылі яму валасы, адрэзаў ножніцамі, а яны ад месяцавага святла ажылі.

      — Прыгожа валасы спявалі, ды не ўмеў іх шанаваць.

      — Глядзіце, глядзіце, вунь яму на галаву сонца лягло, і валасы варушацца, як жывыя.

      Пачуўшы гэтыя жарты, небарака глянуў гнеўна на бяседнікаў, усхапіўся моўчкі з месца і пачаў шпарка хадзіць па пакоі.

      Тыя панічы ўсе разам узялі свае шапкі, і, выходзячы, адзін з іх кажа:

      — Бывай здаровы, пане Генрык! Пі больш рому, і ўсё добра будзе!

      — Вось да чаго дажыўся, — сказаў Генрык, павярнуўшыся до доктара. — Стаў у нячулых людзей пасмешышчам, смяюцца з чужога няшчасця, дзе толькі іх ні сустрэну, здзекуюцца з балючых выпадкаў майго мінулага, каб павялічыць мае пакуты.

      — Надта далікатныя ў цябе нервы, — сказаў доктар, — калі абураешся на людзей легкадумных; я, седзячы тут ды слухаючы, як яны перамывалі языкамі сваіх знаёмых, добра зразумеў, што гэта за людзі.

      — Калісьці я быў зусім іншы, абыякава слухаў і смех і енк, нішто не кранала мяне — валасы, валасы парушылі ўсю маю натуру!

      Змоўк, нібыта прыслухоўваўся да нечага і раптам, паказваючы на свае валасы, сказаў:

      — Вось адзін заспяваў і іншыя заварушыліся… хутка закрычаць усе разам. Вы не бачыце, што робіцца на маёй галаве!

      Тут ён схапіў шклянку, каб выпіць рэшткі рому.

      — Паслухай мяне, — прамовіў доктар. — Папрасі прынесці вады і цукру; змяшай іх з ромам, прынамсі, будзе менш шкоды, ды я раіў бы табе зусім адмовіцца ад такіх лекаў.

      Генрык узяў шклянку, стаў перад люстэркам, памацаў рукою валасы, сцепануў плячыма; пасля павярнуўся да доктара, паглядзеў на яго неспакойна і кажа:

      — Адмоўлюся, калі вынайдзеш лепшыя лекі, а першую параду прымаю.

      І, папрасіўшы падаць вады, выпіў шклянку пуншу.

      — Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.

      — Можа, ведаеш, як вярнуць назад мінулае?

      — Мінулае вучыць нас, як жыць сёння.

      — Мая хвароба новая, ані простыя людзі інстынктыўна, ані медыкі навукова не знайшлі зёлак, каб яе вылечыць; аднак бачу, што ты шчыра хочаш, каб я ачуняў; дык раскажу пра тое, што выпала мне перажыць.

      Адзін я быў у бацькоў; усе мае жадункі былі законам, лёкаі кожнага слова майго слухаліся, хатні настаўнік выкладаў французскую мову такім чынам, каб я, займаючыся адну гадзіну, не зазнаў ніякае прыкрасці і не затлуміў у сабе вясёлых думак, якія цэняць у свеце больш за адукаванасць.

      У пятнаццаць гадоў бацька завёз мяне на адзін год у Рыгу, каб я там вывучаў нямецкую і французскую мовы ў лепшых настаўнікаў ды каб пабачыў і даведаўся ўсё тое, што спатрэбіцца мне сярод людзей, пра якіх ідзе слава ў свецкіх салонах.

      Грошай бацька пакінуў больш, чым вымагалі мае патрэбы, і я збіраў там толькі кветкі вясёлага жыцця, ніхто мне не нагадваў, што ўсё незваротна мінецца, чалавечае здароўе слабое і зменлівае, а весялосць шчаслівых гадоў нагадвае мроі.

      Калі вярнуўся з горада дадому, ад раніцы да вечара бавіў час на ловах. Мой бацька не шкадаваў сродкаў на паляўнічых, хартоў і ганчакоў; мне было дазволена трымаць столькі лёкаяў, колькі захачу; былі ў мяне добрыя коні, выпісваў модныя карэты.

      Праз некалькі гадоў мяне выбралі ў павятовую ўправу. У горадзе знайшоў шмат прыяцеляў; часта ладзіў у сваім доме вясёлыя забавы, сустракаючы з гасцямі ўзыход сонца пры віне або за картамі.

      Прайшло чатыры гады. Бацькі мае пакінулі гэты свет, і я вярнуўся дадому з намерам заняцца гаспадаркаю. Маёнтак быў увесь у даўгах. З’язджаліся да мяне бацькавы крэдыторы і з пагрозамі нагадвалі пра пазыкі, суд вымагаў незаплачаныя скарбовыя падаткі за колькі гадоў. Я адчуў небяспеку і тады ўпершыню задумаўся пра страшную будучыню.

      — Трэба табе жаніцца, — сказаў мне сусед. — Панна Амелія, дачка камісара, які цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас выбараў мясцовых чыноўнікаў[158], — ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба грошы, а не фамільныя сувязі, якія — на маю думку — табе не прыдадуцца. Бачу: парада майго суседа — ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з суседам да яе бацькоў.

      Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.

      Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.

      Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым навукаю і вопытам набытая мудрасць?

      — Заўважаў гэта і я, — сказаў доктар, — але такі інстынкт бывае не ва ўсіх людзей.

      — Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?

      — У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?

      — Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна. Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць нязгоды.

      Аднойчы ўвесну, у пагодны вечар мы выйшлі на праходку да блізкага лесу; вакол чуваць былі птушыныя спевы. Амелія па дарозе часта замаўкала і нібыта аддавалася нейкім сумным марам.

      — Бачу, — сказаў я, — што нейкае прадчуванне шэпча табе на вуха, бо перапыняеш размову і акунаешся ў сумныя думкі.

      — Сапраўды, напаў на мяне нейкі смутак, не ведаю чаму.

      — Спевы салаўёў і зязюль дзейнічаюць на твае нервы.

      — Можа, і так, — адказала яна ціхім голасам.

      У гэты час бачу я, як злева, ідучы праз лес вузенькай сцежкаю, набліжаецца да нас нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў, за плячыма вісеў накрыты старой чорнаю сукманаю кош. Цікава было даведацца: хто гэты дзіўны чалавек і адкуль ідзе. Параўняўшыся з ім, я спытаўся:

      — Хто ты, дзеду, і адкуль ідзеш?

      Ён, здымаючы з галавы стары пакамечаны капялюш і нізка кланяючыся, сказаў:

      — Жыву на цэлым свеце, шукаю ласкавых да мяне дабрадзеяў і заўсёды змагаюся з забабонамі і людскімі выдумкамі.

      Гэты яго адказ мяне вельмі зацікавіў.

      — Як жа, — кажу, — пачалася тая вайна з забабонамі і людскімі выдумкамі?

      — Бо яны не зразумелі ні мяне, ні свае выгады. Я абышоў цэлы свет, ведаю ўсе чалавечыя патрэбы, дазнаўся пра самыя пакрыёмыя таямніцы прыроды, хацеў прынесці палёгку жыхарам гэтага неўраджайнага і ўбогага краю, але яны замест узнагароды засыпалі мяне праклёнамі, нідзе не даючы мне прытулку.

      — Што ўсё-такі чыніў ты жыхарам нашае зямлі?

      — Хацеў зрабіць дабро, але за дабрыню сваю два разы мусіў ратавацца ўцёкамі. Не магу забыць, хоць ужо прайшло каля дваццаці гадоў. Вынайшаў я спосаб здабываць золата, хацеў яго ўдасканаліць і адкрыць тутэйшым жыхарам. Пан ***, багаты чалавек, меў непадалёку ад Полацка маёнтак і дом у горадзе, дзе сам жыў, і мне адвёў маленькі пакойчык дзеля заняткаў і ўдасканалення мае навукі. Там са мною прычыніўся жудасны выпадак: выходзячы, я пакінуў незамкнёныя дзверы, а на стале ляжалі ў паперках белыя парашкі, патрэбныя мне ў маёй навуцы. Жонка пана *** зайшла ў мой пакойчык, узяла адну паперку з парашком, думаючы, што гэта лекі. Пакутуючы ад болю галавы, яна загадала падаць шклянку вады, усыпала туды парашок, выпіла і ўмомант памерла. Я не быў вінаваты, але, ратуючыся ад суда, мусіў уцякаць адтуль і шукаць прытулку ў іншым месцы.

      Перабраўся да пана *** і хацеў паказаць яму свае таямніцы. Апоўначы на могілках была ў нас проба, але гэты пан і яго лёкай, які павінен быў дапамагаць, абодва, не маючы сіл вытрываць пробу вялікае справы, самлелі. Баючыся пераследу, пакінуў я іх там, на могілках; уцёк, ніколі ўжо не паказваўся ў тых мясцінах і вырашыў ніколі не адкрываць людзям сваіх таямніцаў.

      Тут, перапыняючы апавяданне пана Сівохі, Завальня сказаў:

      — Памятаю, нядаўна адзін падарожны расказваў мне пра чарнакніжніка, які вучыў пана *** рабіць золата, а лёкай яго — Карпа — насіў пад пахаю яйка, знесенае пеўнем, і выгадаваў цмока; чарнакніжнік, відаць, той самы. Дык, калі ласка, апавядай далей, слухаем з цікавасцю.

      — Генрык, заўважыўшы, што мы з доктарам слухаем яго гісторыю, не зважаючы на карчомную прыслугу, што, стоячы паблізу, смяялася і пра нешта гаманіла, не ўставаў з месца і казаў далей.

      — А што там у цябе ў кашы пад сярмягаю? — запытаўся я.

      — Трусоў, — адказвае, — нясу з сабою; калі які дабрадзей дазволіць мне заняць дзе-небудзь самотны дом, дык буду іх там гадаваць, яны хутка расплодзяцца, і я буду мець прыбытак з гэтае ўбогае гаспадаркі.

      — Адкрый кош і пакажы нам тваіх трусоў.

      Ледзь адкрыў кош, як Амелія адступіла назад і закрычала ад спалоху:

      — Ах, ах! Якія жахлівыя кажаны! Схавай, схавай іх хутчэй, глядзець не магу на гэтых пачвараў!

      Я глянуў на яе са здзіўленнем, бо сапраўды бачыў маладых чорных трусоў, і старац, хутка зірнуўшы на яе, сказаў:

      — Прыгледзься, пані, лепей: гэта маладыя чорныя трусы; адно што яшчэ малыя.

      І, узяўшы першага-лепшага з іх за вушы, падняў з каша.

      — Ах, ах! Які страшны кажан, злітуйся, не паказвай, схавай яго ў кош, не хачу і не магу глядзець на такую брыдоту.

      Думаючы, што прычына гэтага недарэчнага страху нейкі дзіўны капрыз і ўпартасць Амеліі, я загадаў старцу, каб ішоў і пераначаваў у фальварку, а раніцаю яму будзе выдзелены дом. Ён пакланіўся і пайшоў проста ў маёнтак.




 З праходкі вярталіся дадому моўчкі. Амелія была надзвычай усхваляваная, бледная, са слязьмі на вачах. Я глядзеў на яе са здзіўленнем і думаў, чаму яна пярэчыла такой відавочнай праўдзе? Я ж на свае вочы бачыў маладых трусоў! Нарэшце, парушыўшы маўчанне, сказаў:

      — Дык што, Амелія, і цяпер яшчэ будзеш даводзіць, што той старац нёс у кашы кажаноў? Дзіўны капрыз прыйшоў табе ў галаву: здзекавацца са старога чалавека, абвінаваціць яго ў хлусні.

      — Не хацела я, — кажа, — вінаваціць яго, але хіба ж не даваць веры сваім вачам?

      — Прыкра мне, што ты засмуціла беднага старца, бо заўважыў па яго гаворцы, што гэты чалавек надзелены ад прыроды розумам і адукаваны, шкада толькі, што нешчаслівы.

      — Пагляд і твар страшныя… Навошта было яго спыняць, няхай бы ішоў далей.

      — Дзівяць мяне твае сённяшнія нечаканыя ўчынкі. Затрымаў я гэтага чалавека не на кароткі час; дам прытулак беднаму, і будзе жыць у маім маёнтку, колькі захоча.

      Амелія і слова на гэта не сказала. Скончылася наша спрэчка, і мы абое моўчкі вярнуліся дахаты.

      Непадалёку ад маёнтка, ля рэчкі, стаяла ў яловым лесе самотная хаціна. Жыў там (яшчэ як мой бацька-нябожчык быў жывы) селянін, якому пазней я даў хату ў бліжэйшай вёсцы, а поле, якое ён урабляў, далучыў да свае зямлі. Наступнага дня я прачнуўся рана, прывёў старца ў тую хаціну, каб меў там прытулак на схіле сваіх гадоў. Ён падзякаваў мне і выпусціў з каша сваіх трусоў пасярод хаты.

      Жыў ён самотна. Часам блукаў адзін па полі або пад шатамі лясоў; уначы не спаў, паказваўся ў розных мясцінах у чорнай вопратцы, нібы страшны прывід. Сяляне, сустракаючы яго ў месяцавам святле, баяліся набліжацца, уцякалі, як ад вурдалака, і пра яго па ўсёй ваколіцы хадзілі дзіўныя чуткі. Апавядалі адзін аднаму, быццам бачылі апоўначы над яго хацінаю велізарную чараду кажаноў, і на ягоны кліч прыляталі туды совы і крумкачы.

      Чуючы такія выдумкі простага люду, я смяяўся, наведваў самотны прытулак старца, часам любіў пагаманіць з ім колькі гадзін; увосень слухаў там, як шумелі старыя яліны над страхою: углядаўся ў ягоны твар, на якім застыла навек вясёлая ўсмешка. На пясчаным пагорку сярод хвояў жыў велізарны выпладак чорных трусоў, якія хаваліся пад зямлёю і зноў выбягалі са сваіх нораў. Гледзячы на ўсё гэта, адчуваў я ў сабе перамены, і душу агортвалі змрочныя думкі.

      Амелія не хацела яго бачыць і не любіла, калі хто-небудзь успамінаў пра яго; я, наадварот, з прыемнасцю размаўляў з ім, і праз некалькі месяцаў ён атрымаў нада мною такую ўладу, што я верыў усяму, што ён казаў.

      У канцы верасня перад самым захадам сонца заходжу ў старцаву хату; восеньскі вецер выў за сцяною, ён, абапёршыся на рукі, пазіраў на сваіх трусоў, якіх было шмат і ў хаце, і на падворку. Убачыўшы мяне, сказаў:

      — Дзіўна, за ўвесь той час, як я жыву ў маёнтку васпана, наведаўшы ўсе тутэйшыя мясціны, бачыў у гэтых лясах розныя дрэвы, але дубоў тут паблізу зусім няма; знайшоў за некалькі вёрст адсюль толькі два стогадовыя дрэвы гэтае пароды, а вакол — маладыя дрэўцы, якія — я думаю — выраслі з жалудоў, што параскідваў там вецер.

      — Я зусім не зважаў на гэта, — сказаў я. — Дзеля гаспадарчых патрэб у нас ёсць і іншыя.

      — На ўжытак прыдатныя вяз і бяроза, але што можа быць цудоўней, як бачыць дуброву; гэтыя дрэвы вырастаюць магутныя, і я раіў бы пану, каб цяпер, увосень, загадаў іх выкапаць і пасадзіць усе на пагорку за азярынаю, на якім дагэтуль не расце аніводнага дрэва.

      — Шмат гадоў трэба чакаць, пакуль яны вырастуць вялікія, і, пэўна, я не пабачу на тым пагорку разлогіх і высокіх дубоў, бо чалавечае жыццё надзвычай кароткае.

      Ён зірнуў на мяне сурова, так, што дрыжыкі прабеглі па целе, і, як бы здзекуючыся, паўтарыў мае словы:

      — Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пан яшчэ малады, мае добрае здароўе, гадоў сто жыцьме на гэтай зямлі і ў засені тых дубоў весяліцца з прыяцелямі. Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсё павінна служыць табе.

      Я паслухаў яго рады. Назаўтра загадаў садоўніку ісці да старца, што жыве каля рэчкі побач з яловым лесам, каб той паказаў маладыя дубкі, якія трэба перанесці і пасадзіць на пагорку.

      Садоўнік, пачуўшы мой загад, перапалохаўся, змяніўся з твару і сказаў не сваім голасам:

      — Адкуль тое пану? Дуб не цвіце, і з пладоў яго няма аніякае карысці; дзеля аздобы лепей пасадзіць на пагорку ліпы.

      — Парады твае не прашу, — сказаў я. — Слухай, што табе загадваю, і выконвай.

      — Ад старых людзей я чуў, што той, хто сее жалуды ці садзіць дуб, і года не пражыве[159].

      — Калі яшчэ раз, — кажу, — пачую гэтую лухту, дык загадаю ўсыпаць табе пяцьсот бізуноў. Ідзі рабі тое, што загадана.

      Садоўнік, баючыся далей пярэчыць мне, выйшаў засмучаны і шукаў выпадку, каб прасіць маю жонку: ці не здолела б яна ўгаварыць мяне адмовіцца ад таго намеру.

      Увечары, калі я на нейкі час пакінуў дом, ён зайшоў у пакой да Амеліі, са слязьмі на вачах укленчыў перад ёю і ўсё расказаў.

      Калі я вярнуўся, Амелія сустрэла мяне з усмешкаю:

      — Генрык, чаму ты вырашыў пасадзіць дубы? Я не бачу ў гэтым ні патрэбы, ні аздобы таксама. Бедны садоўнік прыйшоў да мяне страшэнна засмучаны, кажучы, што перасаджваць дубы — найвялікшае няшчасце, бо гэтае дрэва забірае сілы і скарачае жыццё таму, хто яго вырошчвае. Ведаю, што забабоны ад невуцтва, але ці ж маем мы права жорстка абыходзіцца з людзьмі за тое, што яны цёмныя, бо неадукаваныя? Трэба неяк адвучваць іх ад дурных забабонаў; усе мы людзі, і вялікі грэх чыніць несправядлівасць бліжняму.

      — Як бачу, — сказаў я, гнеўна глянуўшы на яе, — і ты падобная да садоўніка, — падахвоцілася глупствы бараніць, але марнае будзе тваё заступніцтва.

      — Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую раду; дык даручы яму самому садоўнікава месца, і няхай усё тое зробіць сам, бо ж нічога не робіць днямі, адно блукае па полі і лесе.

      — Людзі мае: як хачу, так і будзе.

      Калі я гэта сказаў, з вачэй Амеліі паліліся слёзы, і яна адразу выйшла ў другі пакой.

      Садоўнік, бачачы, што яго надзеі не спраўдзіліся, прывёз з лесу маладых дубкоў і пасадзіў на прызначаным месцы. Пасля гэтага ўвесь час быў самотны; дарэмна ўсе даводзілі, што дубы не маюць аніякага ўплыву на чалавечае здароўе, аднак ён сох, сілы яго пакінулі і наступнае вясны, як толькі тыя дрэўцы зазелянелі, садоўнік сканаў.

      Пасля ягонае смерці, калі я апавядаў старцу пра наіўнасць таго чалавека, пра забабоны і пра слабасць яго характару, ён глянуў на мяне, зморшчыўся, як бы выяўляючы сваю пагарду, і сказаў:

      — То й добра. Няварта шкадаваць. Маючы безліч дурняў, страціў толькі аднаго.

      Другое злачынства гэтага старца парушыла яшчэ больш згоду і мір паміж мною і жонкаю. Меўся я пабудаваць новы драўляны дом, ды крыху не хапала цэглы на падмурак; каб папоўніць недастачу, выйшаў я ў поле і, ходзячы там, выбіраў добрае месца на цагельню. Старац, спаткаўшыся са мною, паказваючы на могілкі і на старую каплічку, якая стаяла навідавоку блізка ад маёнтка, і кажа:

      — На якім неадпаведным месцы зрабіў нехта гэтыя могілкі. З панскага вакна заўсёды відаць драўляныя крыжы і каплічка. Во ўжо дзе прыкры краявід! Наведваюць пана суседзі, сярод іх шмат маладых ды вясёлых, а гэтыя крыжы і каплічка ўсё перад вачыма, кожнага могуць давесці да маркотных думак і меланхоліі; раіў бы пану прызначыць сялянам месца пад могілкі дзе-небудзь далёка за лесам, каб не так часта чалавечае вока іх бачыла; цэглу з капліцы можна пусціць на падмурак, на гэтым жа месцы пасеяць авёс, каб і знаку не было, што тут гніюць нечыя косці.

      Я пахваліў добры старцаў густ і яго здольнасці ў вызначэнні характару чалавека і таямніц прыроды. Загадаў, каб як мага хутчэй знеслі драўляныя крыжы, сабралі надмагільныя камяні ў крушню, зруйнаваўшы капліцу, звезлі цэглу ў маёнтак.

      Дарэмна мае падданыя, сабраўшыся з усіх вёсак, прасілі, каб я не нішчыў святыні і не кранаў таго месца, дзе спачываюць астанкі іх бацькоў і сваякоў; дарэмна натурыўся ксёндз-плябан, стараючыся давесці, што я бяру на сваю душу вялікі грэх; дарэмна старэйшыя суседзі папракалі мяне, што адступаю ад дзедаўскіх звычаяў. Нарэшце Амелія, убачыўшы, што ўсе просьбы і напаміны марныя, сказала:

      — Генрык, аднак жа пры жыцці бацькі і дзеда твайго гэтая каплічка і могільнік былі на гэтым самым месцы, бацьку і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Няраз яны там, калі ўзыходзіла ці заходзіла сонца, укленчыўшы, старанна маліліся за сваіх памерлых сялян. Такі звычай усюды ў нашым краі: могілкі навідавоку або блізка дарогі, каб людзі, сустракаючы вокам крыжы і магілы, тварылі малітвы за душы тых, хто ўжо заручыўся з зямлёю. Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую бязбожную параду, але памятай, Генрык, што Бог усё бачыць.

      — Не лезь не ў сваё! — адказаў ёй у гневе. — Я ведаю, што раблю; старац, якога ты называеш жахлівым, смяецца з вашае дурноты; занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.

      І гэтак настаяў на сваім. Праз два дні і следу не засталося ад могілак, а цэглу з капліцы паклалі ў падмурак новага дома, у які праз пару месяцаў я перасяліўся. З гэтага часу пачаў заўважаць, што Амелія яшчэ больш перамянілася. Яе вочы і твар заўсёды былі асмужаныя смуткам; казала, што бачыла прывіды ў гэтым новым доме, мроіліся ёй страшныя сны, а апоўначы чула часам нейкія стогны. Па колькі гадзін раніцай і ўвечары яна малілася, укленчыўшы, і так змянілася з твару, што знаёмыя ледзь пазнавалі яе цяпер, хоць і мала мінулася часу.

      Калі я расказваў старцу пра жончыны пакуты, ён глянуў на мяне і кажа, ківаючы галавою:

      — Як, пане, яшчэ мала ты ведаеш, што такое кабета! Гэта адны толькі злосць ды ўпартасць, бо не можа яна камандаваць мужыком і рабіць паводле свае волі. Паведаміў бы пану адзін сакрэт, але няхай ён лепей застанецца вечнаю таямніцаю мае душы, бо гаворыць сёй-той, што я вінаваты ў вашых нязгодах.

      — Злітуйся, скажы, бо каго ж гэта цікавіць болей за мужа?

      — Шмат за што ўдзячны пану: зрабіў ён дабрадзейства, даўшы гэты прытулак старцу, які прайшоў жахлівымі пуцявінамі жыцця праз усе выпрабаванні, навучыўся халодным сэрцам глядзець і заўважаць усе таямніцы людскіх думак і ўчынкаў. Адкрыю пану гэты сакрэт, які ведаю ўжо некалькі месяцаў, нікому пра яго не кажучы: у твае жонкі жывыя валасы на галаве.

      — Не чуў яшчэ ніколі пра такія цуды і не разумею, што ўсё гэта значыць.

      — Дык раскажу спярша, якім чынам я гэта даведаўся. Памятаю, з’ехаліся раз госці ў маёнтак; дзень быў ціхі і ясны, выйшлі ўсе тады з дому і, цешачыся добрым надвор’ем, гулялі ў полі. З панам ішлі два пажылыя мужчыны, і былі вы вельмі занятыя нейкай размоваю, а панава жонка ішла наперадзе, акружаная моладдзю, што, гамонячы, часта пазірала на яе касу. Калі падышлі да гаю, я, схаваўшыся за дрэвам, таксама зацікавіўся: чаму гэта яны так пільна глядзяць на яе касу? Маё вока зоркае, і я заўважыў, што на сонцы валасы ў панавай жонкі рухаліся ў касе і па ўсёй галаве. О! Гэту рэч мусіш, пане, мець на ўвазе, бо ёсць дзівы і чары на свеце; моладзь заглядваецца, не разумеючы, якою сілаю запалілася пачуццё ў іхніх сэрцах.

      — Хіба можа гэта быць? — спытаўся я са здзіўленнем.

      — А то як. Раскажу пану, якім чынам можна ў гэтым пераканацца. Гэта не ўсё, што ў яе жывыя валасы; ёсць яшчэ адзін валасок, які пасля захаду сонца, калі змрок ахутае зямлю, крычыць цэлую ноч аж да белага дня, і таму яна можа заснуць толькі на кароткі час, часта прачынаецца, вечарамі стогне і плача. Калі пойдзе ў асобны пакой, дзе мае звычку, укленчыўшы, маліцца, ціха падыдзі і, стаўшы каля яе, прыслухайся добра. А яшчэ лепей паслухай зблізку ў начной цішы, як той волас спявае найгаласней.

      Я быў невыказна здзіўлены і неспакойны. Вырашыў: не спаць усю ноч, абы толькі даведацца праўды. Увечары, калі Амелія, запаліўшы свечку, пайшла ў асобны маленькі пакой памаліцца, я падкраўся на пальчыках да прачыненых дзвярэй, прыслухаўся і пачуў піск такі тонкі, нібы камар, гудучы, лётае ля скроні і шукае, дзе б утнуць. Слухаў некалькі хвілін, не сыходзячы з месца, і гэтаксама ціха зноў адышоў, не чакаючы, пакуль яна дагаворыць свае пацеры.

      Пасля паўночы не клаўся спаць, а ў асобным пакоі за сталом сам-насам раскладваў карты, быццам варажбою хацеў вызнаць, ці спраўдзяцца размаітыя мае жаданні і намеры. Калі ўсе заснулі і ўсюды зрабілася ціха, я патушыў свечку, заходжу ў спальню, як начны страх; вакно там напалову было зачынена. Амелія, стогнучы ў сне, ляжала ў ложку, каля ног яе, падаючы праз квадрат шыбіны, адбілася месяцавае святло, а ў галовах пачуў нібыта піск мухі, што трапіла ў павуціну. Дрыжыкі прабеглі па маім целе. Падумаў сам сабе:«Вось цяпер дазнаўся праўды!» — і цэлую ноч і на хвіліну не заплюшчыў вочы. Назаўтра раніцай я прыйшоў да старца і ўсё расказаў яму.

      — Верыш, пане, цяпер: я казаў праўду, — прамовіў старац, — але яшчэ не ўсё: трэба зрабіць так, каб гэтыя жывыя валасы не прыцягвалі да сябе юначых вачэй. Загадай, пане, сваёй жонцы адрэзаць касу і ўначы, пакуль певень праспявае, прынясі яе да мяне, а я паруплюся, каб ты яшчэ раз пабачыў цуды на свае вочы.

      Не ведала Амелія і нават не падазравала пра нашу ўмову і пра жахлівыя мае намеры. Сустрэўшы мяне, сказала спакойным голасам:

      — Што з табою, Генрык? Здаецца, у гэтую ноч бяссонне цябе мучыла? Да позняга сам-насам бавіўся з картамі, і на світанні ўжо не было цябе ў доме.

      — Не спаў уначы і раніцай уцёк з дому, бо твае валасы, што крычаць на галаве, нідзе мне спачыну не далі.

      — Не разумею гэтае загадкі, бо першы раз чую пра крыклівыя валасы.

      — Рух тваіх валасоў спадабаўся ўсім гасцям.

      — Кажы, Генрык, ясней, — сказала яна, — бо я на такія загадкі не здатная.

      — Скажу і ясней: хачу, каб ты абрэзала валасы; замужняй кабеце прыстойней быць з пакрытаю галавою.

      — Дзіўны капрыз убіўся табе ў галаву.

      — Можа, і дзіўны, але справядлівы, — сказаў я. — Не хачу, каб ты ганарылася цудоўнаю касою, якая чарадзейскаю сілаю прыцягвае да сябе ўсе вочы; дык будзь ласкавая — калі хочаш, каб я быў спакойны — загадай абрэзаць сабе валасы.

      — Разумею цяпер, — сказала Амелія, — усё дзеля твайго спакою.

      Паклікала прыслугу, загадала, каб тая адрэзала ёй касу, і, заліўшыся слязьмі, выйшла ў другі пакой.

      Каля поўначы, маючы з сабою касу Амеліі, я пайшоў да самотнае хаціны старца. Ён не спаў: я бачыў, што ў вакне свяціўся агонь. Заходжу ў дом: ён сядзеў у одуме каля стала, абапёршыся на руку, быццам паглыбіўся ў нейкія думкі; у кутах варушыліся чорныя трусы, вочы якіх гарэлі рубінавым агнём. Ён падняўся з месца і кажа:

      — А што, зрабіў пан так, як я раіў?

      — Зрабіў усё як належыць, вось жончыны валасы.

      Дастаю з кішэні касу і кладу перад ім на стале.

      — Хутка, пане, — кажа ён, — пабачыш цуды.

      Узяў вялікую драўляную міску, наліў вады, частку валасоў з касы паклаў у тую пасудзіну; стаяў, утаропіўшыся на валасы; агонь на стале гарэў цьмяна, нібы дагараў, месяц выглянуў з-за чорных воблакаў, засвяціў бледным святлом у вакно, нечакана ўсхадзіўся вецер, лес парушыў сваё глухое маўчанне шумам. Глянуў я на старца: здавалася, што яго вусны, бледныя, як у нябожчыка, варушыліся, быццам ён штосьці шаптаў; трывога агарнула мяне, дрыжыкі прабеглі па целе; нарэшце ён сказаў:

      — Падыдзі і глянь, што дзеецца.

      Глянуў у міску — цуда! Жывыя валасы, уючыся ў розныя бакі, нібы п’яўкі, бегалі ў вадзе. Доўга я глядзеў задумана на гэта. Нарэшце ён вынес з хаты намочаныя валасы і частку касы і ўсё гэта кінуў у рэчку. І здалося мне, быццам бачыў я ў месяцавым святле, што ўсе яны плавалі, звіваючыся, наверсе.

      Пасля гэтае страшнае пробы ён сказаў мне:

      — Будзь, пане, спакойны, ужо валасы не будуць таемнаю сілаю прыцягваць да сябе вочы гасцей.

      Пасля гэтага майго ўчынку Амелія доўга ўпотай плакала, і здароўе яе з кожным днём горшала, уначы не магла заснуць: як толькі прыплюшчвала вочы, адразу мроіліся ёй нейкія прывіды, што ўставалі з магіл.

      Перад захадам сонца здарыўся страшны выпадак. Амелія сядзела адна ў садзе, але калі пачаў насоўвацца вячэрні змрок, упала раса на травы, паветра стала халоднае і вільготнае, — вярнулася ў свой пакой. Ледзь ступіла на парог — нема закрычала і ўпала, нібы мёртвая; збегліся ўсе, паднялі яе, на твары і кроплі крыві не было; паклалі на ложак і з цяжкасцю змаглі вярнуць ёй дыханне.

      Як апрытомнела, расказала, што ўбачыла тады перад сабою таго чорнага старца ў жахлівым абліччы: крывавым агнём свяціліся ягоныя вочы, у руках трымаў велізарны нож і пагражаў ёй смерцю.

      Калі я ўбачыў стан яе здароўя і што ў яе зусім хворыя нервы, у маім сэрцы з’явілася нарэшце літасць. Паслаў хутчэй па доктара.

      Штодня лёталі пасланцы да горада з медыцынскімі рэцэптамі; усё, што можна, рабілі, каб падмацаваць яе. Прайшло некалькі дзён; лячэнне было безвыніковае, не прынесла ніякае палёгкі, і Амелія яшчэ больш пакутавала і слабела.

      Бацькі, даведаўшыся пра небяспечную доччыну хваробу, прыехалі пераведаць. Яна хацела, і доктар гэта раіў, каб лячыцца ў бацькоўскім доме. Можа, там хутчэй супакояцца яе думкі і лекі будуць лепей уздзейнічаць.

      Пагадзіўся я з гэтым, і Амелія з бацькамі выехала з майго дома, абяцаючы вярнуцца, як толькі дазволіць здароўе.

      Праз тры дні атрымаў ліст з чорнаю пячаткаю і ўбачыў там такія словы: «Амелія самотнае сваё жыццё закончыла ўчора а пятай гадзіне пасля паўдня».

      Калі гэта прачытаў, знячэўку ўсе валасы на маёй галаве заварушыліся і пачалі страшна крычаць. Люты страх апанаваў мяне, я нарэшце ўбачыў, да якога няшчасця давёў мяне той жахлівы старац. Хапаю набіты пісталет, бягу з намерам забіць яго на месцы… ледзь адчыніў дзверы — з пустое хаты вылецела велізарная чарада кажаноў і са страшным піскам пачала кружляць над гэтаю хацінаю і вакол дрэў, а старца і яго трусоў ужо і звання не было.

      Пакінуў я свой дом. Страшна ў ім жыць, страшна выйсці ў поле і бачыць лугі, пагоркі і лясы, бо там усюды з’яўляецца перад маімі вачыма чорная, як у д’ябла, постаць жахлівага старца.

      Вось, доктар, споведзь майго жыцця.

      Крыху памаўчаўшы, ён паклаў руку на галаву і, гледзячы ў люстэрка, сказаў:

      — І цяпер валасы варушацца і крычаць. Ну, ці ведаеш, як дапамагчы мне ў няшчасці?

      Доктар, стараючыся яго суцешыць, запрасіў да сябе, даў адрас, і мы з ім неўзабаве выйшлі з карчмы, а Генрык застаўся там. Праз два дні я выехаў з Віцебска і больш яго не бачыў.

      — Жахлівы старац! — сказаў Завальня. — Ці не той гэта шатан, якому Твардоўскі загадаў ажывіць цела Гугона? З’яўляецца цяпер у розных канцах свету, каб шкодзіць роду людскому.

      — Страшны выпадак расказаў пан Сівоха! У мяне няма такой добрай памяці, — сказаў Латышэвіч. — Шмат чуў розных аповядаў, але што сёння пачую, тое заўтра забуду.



Продолжение "Цыган Базыль" http://www.proza.ru/2014/12/11/393


Рецензии
Глянуў у міску — цуда! Жывыя валасы, уючыся ў розныя бакі, нібы п’яўкі, бегалі ў вадзе. Доўга я глядзеў задумана на гэта. Нарэшце ён вынес з хаты намочаныя валасы і частку касы і ўсё гэта кінуў у рэчку. І здалося мне, быццам бачыў я ў месяцавым святле, што ўсе яны плавалі, звіваючыся, наверсе.

Светлана Самородова   06.01.2015 18:02     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.