Сказ на бел. мове

Алег Сцёрты

Сказ пра качан капусты

    Гэта здарылася не ў старажытны час ды не ў пару Вялікай бітвы звяроў з птушкамі, ды не ў трыдзевятым царстве, а ў нашай краіне ў наш час у пару змагання сялян за ўраджай.
    У гару рухаўся цягач з двума прычэпамі звычайнай  капусты. Ён натужна падымаўся. Ледзь-ледзь да самай вяршыні дапоўз. Стаў ужо ўніз каціцца, ды таргануўся. А другі прычэп, які яшчэ на самой вяршыні знаходзіўся, той добра заднімі коламі тузануўся...
    Дык вось, на гары з качаноў у тым прычэпу пакалыхваўся вялізны качан капусты, памерамі з будаўніцкую грушу.Чаму такі вялізны? Бог яго ведае...На нашай зямліцы і не тое яшчэ здараецца. Мой дзед, напрыклад, белы грыб знайшоў вагай так пад паўпуда, сапраўды, але ж ён не ў самім лесе рос, а пасярод жытнёвага поля на яловым астраўку пад гэтакай вялізарнай ялінай. А ў суседкі курыца куранят павыседжвала, дык у аднаго пеўніка аж дзве галавы. Вось калі той пеўнік падрасце ды пачне раніцай у два горлы кукарэкаць, дык ён і наша радыё заглушыць!
    Ну, добра... Аб чым гэта я? Дык вось... Вырас гэтакім качан таму, як мне здаецца, што галоўны аграном не шкадаваў падкормкі! Народ наш такі, добры вельмі, яму нічога і не шкада... Вырас такі, ды ўсё тут!
      А вязлі тую капусту на сховішча для агародніны. Зараз капуста свежая, зялёная, у самым саку. А тамака яна хутка да кандыцыі дойдзе, што прыйдзецца насы ў хусткі хаваць. Ну, хто ў тое сховішча жадае, падыміце абедзве рукі!
      Дык вось... Пакалыхваўся, пакалыхваўся той качан, страціў раўнавагу ды пераскочыў праз борт, выцяўся аб шашу, падскокнуў, пераляцеў праз роў, пракрычаў астатнім качанам: «Бывайце, салатные! Не памінайце ліхам!»  Пакаціўся праз лясы ды палі па іншым баку гары. Добра яшчэ, што астатнія качаны не пазвальваліся, бо тады не да жартаў было б. Ззаду таго прычэпа легкавыя машыны рухалі. Вось яны б з тою капустаю ды адзін з другім набуськаліся!
      Коціцца капуста, коціцца, а наперадзе барадаты казёл пасвіцца на прывязі. Убачыў казёл капусту, расхваляваўся, забэмэкаў: «Капустачка, мілая, пагодзь! Пагутарыць трэба!» А капуста яму адказвае: «Некалі мне, казёл ты гэтакі, лясы тачыць! Не бачыш? Качуся я, качуся! Спраў аж па самую храпку!» А казёл аблізваецца, барадой трасе, сліна цячэ. Вяроўку, як балалаечную струну, нацягнуў. «Ну, даруй адзін лісцік!» – просіць ён. А капуста коціцца сабе, падскоквае высока, быццам кола ад цягача, кідае мімалётам у адказ: «Калі кожнаму даваць, дык нічога ад мяне не застанецца! Няхай табе, казёл, гаспадар дасць!» Ну, казёл не каза, вядома, малака не дае, але ж сіл у яго казліных – о-го-го! Паднатужыўся, сыпнуў гарошку... ды выдраў калок! Нясецца падскокам за качаном, крычыць: «Даганю, і качарыжкі з цябе не застанецца!»
      А качан той, быццам снежны ком з піка Камунізму сарваўся, ляціць каўказскай лавінаю ўніз. Ледзь не забіў старога крумкача, якому, мабыць, год дзвесці... І не адну ўладу ён на гэтай зямельцы перажыў, і цара Гароха, і Ваньку бачыў. Адпачываў ціха-мірна сабе на пянёчку ды ў паветры маладых варон падлічваў. Раззлаваўся крумкач: «Пачакай! Я ў цябе дзірак надзёўбаю! Лётае тут без мігалкі, добрых птушак ціскае. Крум-кар-ра!!»
     Коціцца капуста, а за ёй крумкач той крыламі махае ды казёл-дырызёл скача. А наперадзе, у падножжа гары, – поле маркоўнае. А з краю таго поля зайцы маркву крадуць, пакуль сяляне не бачаць. А капуста ім: «Салют, зладзюжкі нікчэмныя! Чаму не сваё цягаеце? Як пройдуцца па вас дробам, касавокія, – хвастоў не знойдзеце!»  Раззлаваліся зайцы ды пагналіся за качаном, крычаць: «Дагонім – і пустога месца не застанецца!»
     Коціцца капуста праз маркоўнае поле, як тыя зайцы, падскоквае ды па галовам, галовам маркоўным усёй сваёй масай капуснай цюкае, лямантуе гартанна, як мегафон першамайскі: «Слухайце мяне, маркоўкі, – крычыць яна ў захапленні. – Я цяпер незалежная! У мяшках мне з вамі не парыцца. Я і скакаць, і лётаць магу, і казаць, што ў галаву прыйдзе! Мяне, мяне слухайце, чырвонанедацёртыя. – I капуста з усяго руху ды па макушкам цюк-цюк-цюк. – Хутка вас усіх чырвонавітамінных збяруць ды на сокасалат пусцяць!» Падскокнула капустачка ды з песняй «Капуста, капуста, узляці вышэй Руста...» паляцела кукурузнікам над радыскавымі градкамі: «Прывітанне вам, горка-белыя!» А радысачкі пакрыўдзіліся: «Мы зусім не белыя, мы – малінавыя...» «Ага, ага, – кажа капуста, – шэра-бура-малінавыя... Пакуль па вас ножыкам не пройдуцца!» Чмякнулася капуста ды мячом баскетбольным па бульбе прайшлася. Ад нечаканасці з батвы ўсе жукі каларадскія градам пасыпаліся. А капуста рапартуе той бульбе: «Хай, цуда Новага Свету, амерыканскі падаруначак! Каларадскае ўсім прывітанне. Вох, дранікі смачныя будуць. Толькі гэта без мяне, вядома, без мяне! Якая ж у драніках капуста? Хопіць там і цыбулі!» А бульба, яна ж памяркоўная ды глухаватая, нічога той не адказала, але пра сябе падумала: «Я заўсёды, спрадвеку расла тут сабе, нікога не кранала і ніякай Амерыкі не ведаю і ведаць не жадаю!»
     А капуста далей пакацілася, за ёй крумкач ледзь-ледзь паспявае, зайцы табуном скачуць, далёка-далёка казёл стары... Вядома, адстаў. Вяроўка з колам перашкаджаюць. Але ж яму вельмі хочацца дармавой ды смачнай капустачкі...
     А капуста наша да сяла дакацілася. Там, з краю, плот павалены, хата са страхой, перакошаная... На двары местачковы паляўнічы, пенсіянер дзед Мазай, той самы, які вясною ў павадак зайцоў ратаваў. Ружжо тады дома засталося, а вяслом – нядобра гэта, не па-па-ляўніцку, ды негуманна, бо вельмі балюча. У агародзе хрэн ды рэдзька, якіх і на саўгасных палях шмат. На паўпенсію дзед жменю патронаў купіў. Сядзіць на ганку, ружжо чысціць. Бачыць дзядуля: што такое?! Капуста, нібы верталёт, ляціць, велізарная, велізарная, а за ёй статак зайцоў нясецца. Прыцэліўся дзед, стральнуў. Капуста ля ганка тармазнула, а за ёю зайцы пападалі нібы забітыя. Кліча дзед бабку: «Шпарчэй, старая! Будуць сёння ў нас галубцы з зайчаціны. Варушыся, кажу! Унукі хутка з горада прыедуць, галодныя...»
     Выбягае бабка. У адной руцэ – апалонік, у іншай – мясарубка. А зайцы тыя толькі прыкідваліся падстрэленымі, бо дзед без акуляраў страляў (паўгода не прайшло, як ў пачынку аднёс) ды ніводнага зайца не забіў! І як убачылі зайцы тую бабулю і што яна ў руках трымае, адразу паўскоквалі ды драпа ва ўсе бакі! А дзед ружжо не перазарадзіў,  акуляраў няма... Усё не слава богу!
    А тут той крумкач раптам як крумкне! Баба ад нечаканасці мясарубку на дзедаву
ступню выпусціла. Дзядуля аж падскочыў. А тутака яшчэ казёл той прыбег ды ненарокам дзеду ў адно месца адным рогам папаў (другі рог дарогай згубіўся). Ну, той дзед аб капусту чмяк... І капуста далей пакацілася! Ды шпарка, шпарка... Глобусам пакацілася, як ад нагі вучня-двухгадавіка. Не дагоніш! Вось як, шаноўныя мае. А хто паспрабуе далей мой сказ прадоўжыць і напіша, куды тая капуста дакацілася, таму ад мяне... Пачакайце!..
      Дык вось... Калі да Афрыкі – таму ад мяне галубец са сланяцінай. Да Аўстраліі? Вось вам кенгуру ў смажні! Хто сказаў – да Антарктыды? Ну, ведаеце... Вось вам пінгвін у тушанай капусце! Пачакайце, пачакайце! Што? А? Да Амерыкі?! У той гамбургер ножкі Буша ўкруціце ды замест солі каларадскімі жукамі пасыпце! Гэта ж капуста, а не цуда заморскай тэхнікі. Так далёка яна б не змагла дакаціцца. Так што падумайце...


Рецензии
Кажному козлу даваця, не успиишь штаньцы зымати - Казау кочан, да побёг даля. :-))

Владимир Рак   05.05.2021 03:42     Заявить о нарушении
...Да... Когда тут самолёт, ну, почти сбивают, мне остаётся только СОГНУТЬСЯ В ПОГИБЕЛЬ. Будьте здоровы,

Олег Стёртый   28.05.2021 23:02   Заявить о нарушении
На это произведение написано 58 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.