Крывапiуцы
У 1984 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю сяміпаверховы будынак Баранавіцкай гарадской паліклінікі. Не ведаю, у якім выглядзе зараз уводзяцца ў строй новыя аб’екты аховы здароўя, але ў тыя часы галоўнай задачай будаўнікоў было стварыць; ганаровае права прыбраць навабуд надавалася будучым гаспадарам пабудовы. Калі плануемыя навасельцы не хацелі працаваць прыбіральшчыкамі, то на дапамогу творцам прыходзіў гаркам партыі, які абавязваў свавольнікаў “прыступіць, выканаць і далажыць аб выкананні”!
Прыкладна за паўгода да ўводу збудавання ў строй медыцынскія работнікі дзвюх паліклінік, у вольны ад асноўнай працы час, займаліся ўборкай памяшканняў новага будынка. Медыкі прыносілі з дому сродкі для мыцця і чысткі, рыззё, вёдры, венікі, нажы і ляза для галення, якімі карысталіся пры механічнай ачыстцы паверхняў, заляпаных засохлай краскай.
Супрацоўнікі структурных падраздзяленняў паліклінікі старанна скаблілі-вычышчалі плошчы сваіх планаваных працоўных месцаў. У выпадках, калі будучымі ўласнікамі вялікіх памяшканнях была ўсяго парачка супрацоўнікаў, парадак наводзілі калектыўна, усім светам.
У пачатку васьмідзесятых гадоў паняцце “рэабілітацыя” было ўжо на слыху. На шостым паверсе будынку планавалася размясціць аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі; на першым і другім паверхах – кабінет спелеатэрапіі, дзённы стацыянар і басейн з саунай.
Супрацоўнікі трэцяга тэрапеўтычнага аддзялення, у якім я працавала, хутка справіліся з уборкай кабінетаў прыёму хворых; па распараджэнні адміністрацыі паліклінікі мы былі накіраваныя на ўзмацненне нешматлікай групы працаўнікоў службы медыцынскай рэабілітацыі.
Нам трэба было ачысціць чашу басейна, убачыўшы якую, мы ахнулі: практычна ўся кафляная плітка пустога вадасховішча была запэцкана фарбай. Успамінаючы нядобрым словам плітачнікаў і праклінаючы свой нялёгкі лёс, медыкі ўзяліся за працу.
Паступова да нас далучаліся супрацоўнікі іншых аддзяленняў; агульнымі намаганнямі мы прывялі чашу ў належны выгляд прыблізна за два тыдні.
Да моманту заканчэння работ у басейне я зразумела, што падчас працы будаўнікі маюць поўнае права на ўжыванне сваёй прафесійнай мовы – ненарматыўнай лексікі; у працэсе чысткі чашы вадасховішча некаторыя медыкі, напаўголаса, карысталіся ёмістым і выразным стылем гаворкі стваральнікаў.
У апошні дзень працы прыбіральшчыцай, чыстячы чарговую плітку ад фарбы лязом бяспечнай брытвы, я парэзала палец. Нягучна вымавіўшы змястоўны нелітаратурны выраз, нечакана ўбачыла побач з сабой медыцынскую сястру Ганну Уладзіміраўну Макарук, з якой мы падтрымлівалі добрыя адносіны.
– Што-што Вы сказалі, Нэлі Гаўрылаўна, не пачула? – пацікавілася прыяцелька.
– Я выказала сумненне, што буду калі-небудзь плёскацца ў гэтым басейне, а рукі сабе ўжо паспела пакалечыць! – хутка зарыентавалася я, не выдаючы сваю жудасную таямніцу – веданне ненарматыўнай лексікі.
– Яшчэ як будзеце, дайце толькі тэрмін! Не выганіш потым з басейна, ведаю я Вас! – запэўніла мяне Ганна Уладзіміраўна.
Яна мела рацыю, прагназуючы запатрабаванасць басейна. Неўзабаве з ліку медработнікаў была арганізавана група “Здароўе”, удзельнікі якой наведвалі басейн два-тры разы на тыдзень.
Паступова вольныя плошчы аздараўленчага памяшкання запаўняліся пакаёвымі кветкамі; іх прыносілі і прывозілі медыкі і наведвальнікі.
Прывозілі буйныя пакаёвыя кветкі, якія ўжо не ўпісваліся ў інтэр’ер кватэры, а выкінуць было шкада: фікусы, разнастайныя пальмы, філадэндрон, парасонавае дрэва (шэфлера) і іншыя.
Праз нейкі час па перыметры памяшкання з’явілася мноства папараці ў драўляных кадушках, пакрытых цёмным лакам. Светла-салатавыя і цёмна-зялёныя прыгажуні-расліны з пёрыстым лісцём стаялі на падлозе, у міжаконных праёмах, па-за зонамі ўздзеяння прамых сонечных прамянёў.
Медыцынская сястра басейна расказала, што папараці падарыў лячэбнай установе яе даўні знаёмы, ляснічый. Маўляў, у яго загарадным доме папараці занадта шмат, вось і вырашыў падзяліцца прыгажосцю з небагатымі медыкамі; прэзент лесніка выдатна дапоўніў і ўпрыгожыў інтэр’ер басейна.
Абедзенны перапынак у гарачыя летнія дні я таксама праводзіла ў басейне. Наведвальнікаў у гэты час, як правіла, не было; паўгадзінная рэлаксацыя спрыяла захаванню эмацыйнай раўнавагі.
З вады я любавалася пяшчотнай зелянінай папараці, успамінаючы беларускія паданні пра міфічную Папараць-кветку, якая даруе яго ўладальніку празорлівасць, адкрывае ўменне бачыць таямніцы свету, дае ўладу над нячыстай сілай, а таксама магчымасць разумець мову жывёл.
Паводле славянскіх павер’яў, папараць квітнее толькі адно імгненне, у ноч напапярэдадні народнага свята ўсходніх славян – Івана Купалы, 7 ліпеня.
Знайсці і сарваць кветку вельмі цяжка, тым больш, што нячыстая сіла гэтаму ўсяляк перашкаджае і запалохвае чалавека, у некаторых выпадках пазбаўляючы яго розуму, мовы і памяці.
Я ўявіла сабе святкаванне Івана Купалы, на якім паляць вогнішча, скачуць праз іх, водзяць карагоды, збіраюць травы; дзяўчыны плятуць вянкі і апускаюць у ваду – даведацца, дзе жыве іх наканаваны?
Ад успамінаў дзяцінства мяне адцягнуў голас Ганны Уладзіміраўны. Пасля выхаду на пенсію яна пакінула пасаду галоўнай медыцынскай сястры паліклінікі і перайшла на менш адказную работу – медсястры басейна.
– Папараці нашы зусім зачахлі, трэба аддаваць іх на лячэнне ў працэдурны кабінет, – сказала Ганна Уладзіміраўна, разглядаючы расліны.
– А што, у працэдурным кабінеце папараці будуць рабіць уколы? – падтрымала я жарт сяброўкі.
– Навошта – уколы? Будуць прабіркі і шпрыцы з-пад крыві апалоскваць і паліваць гэтай вадой расліны! – сур’ёзна адказала медыцынская сястра.
– А навошта гэта патрэбна?! – здзівілася я.
– Самі ўбачыце праз два тыдні; я сёння ж папрашу рабочых аднесці кадкі ў працэдурныя кабінеты! – адказала Ганна Уладзіміраўна.
Я забылася аб размове ў той жа дзень. Потым быў двухтыднёвы водпуск, пасляадпускны напружаны час; я патрапіла ў басейн толькі праз тры тыдні.
– Даўненька Вас не было. Адпачывалі нябось у сваіх любімых Целяханах, наплаваліся ўволю ў возеры! Там раздолле, не тое, што ў басейне, – вітала мяне супрацоўніца.
– Тут таксама добра, пакіну ў вадзе сапсаваныя за тыдзень нервы, – адказала я, апускаючыся ў ваду.
– Дарэчы, аб нервах: звярніце ўвагу на папараці, якіх амаль тры тыдні “адпойвалі” крывяной вадой! Бачыце, як папрыгажэлі гэтыя “крывапіўцы”! – указала медыцінская сястра на абноўленыя расліны.
– Сапраўды, іх не пазнаць! Апрача волі ўспомніш “Крывавую графіню”*, якой прыпісвалі забойства, вампірызм і купанні ў крыві нявінніц для захавання маладосці! – укруціла я інфармацыю, нядаўна пачутую ад суседа-кнігачэя.
– Якія страсці Вы расказваеце, аж жудасць! Гэтыя папараці ў параўнанні з крыважэрнай графіняй – ягняты Божыя, толькі ваду пасля мыцця прабірак спажываюць! Бо такая вада – добрае азотнае ўгнаенне, у ёй утрымоўваюцца жалеза, медзь, магній і іншыя мікраэлементы. Палюбуйцеся, якой насычанай стала зеляніна, ды і расліны сталі значна пышней! – нахвальвала Ганна Уладзіміраўна папараці.
– Значыць, пераймянуем “крывапіўцаў” у лекараў, бо сваёй прывабнасцю і эстэтычнасцю, яны аднаўляюць душэўны спакой наведвальнікаў басейна, – прапанавала я, знайшоўшы поўнае разуменне ў валадаркі рукатворных водных абшараў.
З тых часоў, сустракаючы ў лесе зараснікі споравых раслін з буйным рассечаным лісцём, я кожны раз успамінаю гісторыю пра “папараць-крывапіўцу”.
*Эржебэт Баторы ці Альжбета Баторава-Надашді – венгерская графіня з роду Баторы, найбагатая арыстакратка Венгрыі свайго часу, вядомая серыйнымі забойствамі маладых дзяўчат. У перыяд часу паміж 1585 и 1610 гадамі, разам з прыслугай, ёю была забіта больш за пяцьсот дзяўчат.
Свидетельство о публикации №222061000970
а я пачул! 7+
Петр Кондратьев 09.09.2022 20:58 Заявить о нарушении
З усмешкай.
Нелли Фурс 10.09.2022 13:24 Заявить о нарушении