Пiльнасць
9 травеня 2002 года – Каспійск, Дагестан; кастрычнік 2002 года – Дуброўка, Масква; люты 2004 года – Замаскварэцкая лінія Маскоўскага метрапалітэна; кастрычнік 2004 года – Беслан; жнівень 2006 года – выбухі на Чаркізаўскім рынку Масквы; няма неабходнасці працягваць гэты жалобны спіс.
Спачатку свядомасць не прымала новую рэальнасць: тэракты – гэта ж на Захадзе, гэта ў іх ідзе барацьба за “пераразмеркаванне маёмасці і пашырэнне сфер уплыву”. Ды і ў Расіі, асабліва ў Маскве, збіраюцца вялізарныя капіталы! А у нас, у небагатай Беларусі, і дзяліць няма чаго, якія тэрарыстычныя акты*?!
Тым не менш, з 2002 года спецыялісты Баранавіцкага аддзела міністэрства па надзвычайным сітуацыям Рэспублікі Беларусь, на прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах горада і раёна, пачалі праводзіць сістэмную навучальную работу, якая тычыцца паводзін грамадзян пры выяўленні імі безгаспадарных сумак. Былі распрацаваны інструкцыі: “Рэкамендацыі па правілах асабістай бяспекі” і “Парадак дзеянняў пры выяўленні падазронага прадмета, які можа аказацца выбуховай прыладай”.
Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях выкарыстоўвалі кожную магчымасць сустрэцца з работнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, каб яшчэ раз нагадаць ім алгарытм пры выяўленні безгаспадарнага пакета або сумкі.
На чарговым такім занятку хтосьці з лекараў раённага тэрытарыяльнага аб’яднання не вытрымаў, глыбока ўздыхнуў і вымавіў услых:
– Ды мы ўсё гэта назубок ведаем, нават лепш, чым свае медыцынскія пытанні!
– А калі ведаеце, то раскажыце нам, заадно і калегі Вас паслухаюць! – прапанаваў капітан аддзела МНС, якому таксама ладна надакучылі гэтыя хаджэнні “ў народ”.
Траўматолаг паліклінікі бойка адрапартаваў паслядоўнасць дзеянняў медыка, які знайшоў у лячэбнай установе прадмет, пакінуты гаспадаром без нагляду.
– Усё правільна, калі ўсе так ведаюць парадак дзеянняў, як доктар І., то больш прыходзіць да вас не буду! – запэўніў калектыў капітан.
– Так-так, мы ведаем, нават залік здавалі самаму Генадзю Уладзіміравічу! – пачуліся воклічы з месцаў.
– Ну, калі самаму Генадзю Уладзіміравічу, то ў мяне больш пытанняў няма, – развітваючыся, сказаў супрацоўнік МНС.
Слова “самаму” прагучала не выпадкова: Г.У.Сіцько – вядомая ў горадзе і вобласці асоба. Больш за пятнаццаць гадоў ён працаваў галоўным урачом Баранавіцкай гарадской цэнтральнай бальніцы; па дасягненні пенсійнага ўзросту Генадзь Уладзіміравіч перайшоў на пасаду начальніка штаба грамадзянскай абароны Баранавіцкай раённай сістэмы аховы здароўя.
Капітан стрымаў сваё слова і больш у нас не з’яўляўся; жыццё цякло сваёй чаргой.
Праз два тыдні пасля апісанага эпізоду да мяне ў кабінет зайшоў усхваляваны Генадзь Уладзіміравіч, які не адрозніваўся частымі візітамі да начальства; маючы вялікі вопыт кіруючай працы, ён самастойна вырашаў пытанні, датычныя яго кампетэнцыі. Падзякаваўшы за запрашэнне прысесці і не скарыстаўшыся ім, ён далажыў:
– У нас – надзвычайнае здарэнне. На першым паверсе паліклінікі, пад лесвіцай, безгаспадарны салдацкі заплечнік. Яго выявіла санітарка Жанна пры мыцці падлог і, пакінуўшы напарніцу вартаваць, паведаміла мне.
– І? – прыспешыла я калегу.
– Я зачыніў ўваходы ў паліклініку, паставіў дзяжурных з ліку малодшага медыцінскага персаналу, з дапамогай рабочых па абслугоўванню будынкаў ачапіў месца знаходжання рэчмяшка і патэлефанаваў 101.
– Што адказалі супрацоўнікі МНС?
– Сказалі, што ўжо выязджаюць.
У чаканні прыезду спецыялістаў начальнік штаба грамадзянскай абароны выказаў здагадку, што падкінуты сідар – справа рук саміх выратавальнікаў, маўляў, так яны правяраюць засваенне ведаў. Тым больш, што на некалькіх прадпрыемствах горада мелі месца такія выпадкі – навучальные трэніроўкі.
Супрацоўнікі МНС былі збянтэжаны не менш нашага: у радыусе двухсот-трохсот метраў ад пяціпавярховай раённай паліклінікі размяшчаюцца сяміпавярховая гарадская паліклініка, стацыянары раённай, гарадской бальніц і псіханеўралагічнага дыспансера, лячэбна-вытворчыя майстэрні, жылы сектар. А стацыянарныя арганізацыі аховы здароўя – гэта медыцынскія газы і, перш за ўсё, – кісларод…
Хвіліны чакання вынікаў вывучэння спецыялістамі месца падзей здаваліся вечнасцю; нарэште, за дзвярыма кабінета пачуліся мужчынскія галасы і смех.
Павітаўшыся, старэйшы па званні супрацоўнік выязной групы паведаміў, што ўсё ў парадку, у заплечніку нічога небяспечнага не выяўлена. Напэўна, ён таксама перажыў не самыя лепшыя хвіліны свайго жыцця і таму вырашыў паджартаваць над медыкамі:
– Дык вам не МНС трэба было выклікаць, а спецыялістаў па барацьбе з карупцыяй: у заплечным мяшку быў прыхаваны хабар медыкам – каробачка цукерак, хатнее масла і яйкі! Ды і дзядок, які схаваў заплечнік з падарункам пад лесвіцу, неўзабаве пасля нашага прыезду аб’явіўся. Бедны, с ім ледзь інфаркт не здарыўся, калі даведаўся, што яго непрыкметная торба выклікала такі перапалох!
– Але ж, прыдумалі, “хабар медыкам”! Я тры гады па неўладкаваным участку пратопала, дык ніхто ніколі нават ападу яблыкаў не прапанаваў! А Вы кажаце – хабар! Можа, ён да сваёй гарадской каханкі пасля наведвання паліклінікі сабраўся падацца! Дзед хоць нічога, бадзёры? – пацікавілася я фізічнай актыўнасцю “без віны вінаватага” пенсіянера.
– Ого, яшчэ які шустры! Атрымаўшы сідар, хуценька схаваўся з віду! – адказаў супрацоўнік МНС.
– А я што казала – да сваёй пасіі пабег! – пракаментавала я адказ спецыяліста па надзвычайных сітуацыях.
Ужо і не ведаю, у чым прычына: або выратавальнікаў парадаваў спрыяльны зыход здарэння, ці спадабалася мая легенда аб захапленні “хваравітага” дзядка легкадумнай гараджанкай, аднак увесь наступны месяц кіраўнік рэгіянальнага аддзела МНС ставіў у прыклад дзеянні супрацоўнікаў раённай паліклінікі, якія бездакорна спрацавалі пры выяўленні безгаспадарнай сумкі.
*Тэрарыстычныя акты, якія мелі месца ў Рэспубліцы Беларусь:
– Верасень 2005 года – два выбухі ў Віцебску, паранена пяцьдзесят два чалавекі
– 4 ліпеня 2008 года – выбух у Мінску на святкаванні Дня Незалежнасці, паранена пяцьдзесят чатыры чалавекі
– 11 красавіка 2011 года – тэракт у Мінскім метрапалітэне. Пятнаццаць чалавек загінула, дзвесці тры пацярпелі. Арганізатары і выканаўцы выбухаў ва ўсіх трох выпадках – ураджэнцы Віцебска, дваццаціпяцігадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладіслаў Кавалёў.
У 2012 годзе:
– выбух у адным з магазінаў у цэнтры Гомеля, адзін пацярпелы
– выбух гранаты ў раённым цэнтры Кобрыне, у выніку якога загінулі два чалавека, бацька і сын
– спроба выбуху аддзялення міліцыі ў раённым цэнтры Жлобіне псіхічна нездаровым грамадзянінам.
2015 год – у Бабруйску адбыўся выбух неўстаноўленай прылады, у выніку чаго загінуў пяцідзесяцідзевяцігадовы мужчына; на думку следства – самагубства.
Акрамя таго, у 2001 годзе невядомыя кінулі гранату на тэрыторыю пасольства Расіі ў Мінску; у 2010 годзе – дзве бутэлькі з запальнай сумессю на тэрыторыю пасольства Расіі ў Мінску; 2012 год – двое закідалі бутэлькамі з “кактэйлем Молатава” літоўскае пасольства ў Мінску, а таксама адбыўся выбух ля будынка КДБ у Віцебску; пацярпелых не было.
Свидетельство о публикации №222070200691