Упартыя хворые

Упартыя хворые

Пры падрыхтоўцы да выдання кнігі “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю” мною былі дэталёва вывучаны архіўныя матерыялы, якія датычацца пашкоджанасці насельніцтва туберкулёзам. З упэўненасцю магу сказаць, што ў даваенны час пытанні барацьбы з туберкулёзам не ўзнімаліся ні савецкай, ні партыйнай, ні медыцынскай уладай Баранавіцкай вобласці; адсутнічалі і статыстычныя даныя*.

Адзін з этапаў актыўнай работы медыкаў па прафілактыцы і раннім выяўленні хворых на сухоты прыйшоўся на першыя гады маёй работы ўчастковым урачом-тэрапеўтам.
У ліпені 1980 года быў выдадзены загад міністра аховы здароўя Савецкага Саюза “Аб зацвярджэнні метадычных указанняў па правядзенні масавых флюараграфічных абследаванняў органаў грудной клеткі”, які падзяліў усё насельніцтва краіны на групы: абавязковыя кантынгенты, арганізаванае насельніцтва, работніки дробных прадпрыемстваў, неарганізаванае насельніцтва. Пакуль міністэрствы аховы здароўя саюзных рэспублік, абласныя і гарадскія аддзелы аховы здароўя выдавалі адаптацыйныя загады, прайшоў пэўны час; да рэалізацыі важнага дакумента практычныя ўрачы прыступілі ў канцы 1981 года. 

Для пачатку, кажучы мовай героя вядомага мультыплікацыйнага фільма, “усіх палічылі”: на ўсё дарослае насельніцтва тэрапеўтычнага ўчастка была заведзена флюаракартатэка. Перад медыцынскімі работнікамі была пастаўлена задача – штогадовае максімальнае абследаванне насельніцтва ўчастка; стоадсоткавае – абавязковых кантынгентаў і дзевяностаадсоткавае – іншых катэгорый.

У 1981 годзе медыкі толькі прынялі да ўвагі гэты загад як кіраўніцтва да дзеяння, пачаўшы падрыхтоўчую работу да яго рэалізацыі. А ўжо ў 1982 годзе на штотыднёвых вытворчых нарадах галоўнай стала тэма рэнтгена-флюараграфічнага абследавання насельніцтва. На другі план адышлі пытанні этыкі і дэанталогіі, экспертызы часовай і стойкай непрацаздольнасці, кратнасці наведвання ачагоў гельмінтозаў і, нават страшна сказаць! – якасці вядзення медыцынскай дакументацыі.

Падрыхтаваная статыстычным аддзелам інфармацыя аб колькасці абследаванага насельніцтва ў адсотках у разрэзе тэрапеўтычных участкаў агучвалася ў самым канцы нарады.

Такім чынам, участковаму ўрачу з самымі нізкімі паказчыкамі абследавання, давалася магчымасць апраўдацца. Натуральна, большасць калегаў імкнуліся не патрапіць у лік “лепшых па прафесіі”.

Па заканчэнні прыёму пацыентаў участковы доктар і медсястра пераходзілі ў вольны кабінет паліклінікі, прыхапіўшы з сабой даўгаватую скрыначку – флюаратэку. Усе гарызантальныя паверхні памяшкання хутка запаўняліся флюаракартамі, амбулаторнымі картамі і лістамі паперы рознага фармату, раскладзенымі ў яўным бязладдзе. Урач со сваей памагатай, напаўголасу прыгаворваючы, пераносілі нейкія звесткі з адной паперы ў іншую.

Такім спосабам звяраліся дадзеные флюаракартатэкі і амбулаторных карт са спісамі працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, якія арганізавана прайшлі флюараграфію ва ўліковым годзе. “Здабытыя” руціннай працай сведкі павышалі адсотак абследаваных грамадзян тэрапеўтычнага ўчастка.

Сказаць, што я тады ў поўнай меры разумела значнасць супрацьсухотнай работы, мякка кажучы, схітраваць. Мне здавалася гэта чарговай бюракратычнай задумай, не патрэбнай нікому, акрамя адміністрацыі. І дадатковай магчымасцю для кіраўніцтва лячэбнай установы “прыструніць” доктара, які меў адрозны ад меркавання начальства пункт гледжання:

– Усяго трыццаць пяць адсоткаў насельніцтва ўчастка абследавана рэнтгеналагічна за паўгода, а Вы яшчэ будзеце казаць пра высокія матэрыі, новыя медыцынскія тэхналогіі!

Невялікі адступ ад практычнага аспекту “туберкулёзнай” тэмы. Нямецкі пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк адкрыў мне вочы на праблему захворвання сацыяльнай хваробай і смяротнасці ад яго.

Так склалася, што з творчасцю Рэмарка я пазнаёмілася толькі ў пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Тады практычна не назіралася шматлікай лекавай устойлівасці; пры сваечасовым выяўленні і лячэнні ў хворых сухотамі наступала ачуньванне або працяглая рэмісія**.

Чытаючы раманы Рэмарка “Жыццё ў пазыку” (Гісторыя аднаго кахання) і “Тры таварыша”, суперажывала галоўным гераіням і не магла пазбавіцца ад думкі:

– У наш час абавязкова выратавалі б безнадзейна хворых Ліліян і Патрыцыю!
Некалькі гадоў таму, перачытваючы “Тры таварыша” 2009 года выдання, у чарговы раз затрымалася на кароткім рэзюмэ:

 “Самы прыгожы ў дваццатым стагоддзі раман пра каханне …

Самы захапляльны ў дваццатым стагоддзі раман аб сяброўстве …

Самы трагічны і пранізлівы раман аб чалавечых адносінах за ўсю гісторыю дваццатага стагоддзя”.

Пагадзіўшыся з кожным словам анатацыі, падумала: “Чытанне двух раманаў нямецкага пісьменніка прынесла б студэнтам медыцынскіх універсітэтаў значна большую карысць, чым увесь цыкл навучання “Туберкулёз”!

***
Давераны мне тэрапеўтычны ўчастак размяшчаўся на ўскраіне горада Баранавічы. Транспартныя зносіны ў тыя гады пакідалі жадаць лепшага; самыя нецярплівыя пацыенты прыязджалі на ранішні прыём толькі пасля дзевяці гадзін.

Спадзяючыся, што працаўнікі рэгістратуры не запішуць з раніцы “пабочнага” наведвальніка, мы з медыцынскай сястрой раскладвалі на стале апісаны вышэй “пасьянс”. Зверыўшы запісы ў двух-трох амбулаторных картах з данымі флюаракартатэкі, чулі стук у дзверы і, запрасіўшы хворага ў кабінет, складалі медыцынскія дакументы на бліжэйшую тумбачку. Пасля прыёму пацыента паўтаралі ўсю працэдуру ў зваротным парадку, і працягвалі зверку да наступнага стуку ў дзверы.

У адзін з ранішніх прыёмаў прамежкі паміж раскладваннем дакументацыі і стукам у дзверы скарацілася да мінімуму – паўтары-дзве хвіліны. Ледзь дачакаўшыся сыходу чарговага пацыента, участковая медсястра Іра раздражнённа вымавіла:

– І наогул, Нэля Гаўрылаўна, калі б не гэтыя хворыя, то можна было б і працаваць!

Я згодна кіўнула; некалькі пазней да мяне дайшоў сэнс сказанага памагатай.

Падняўшы галаву ад папер, са здзіўленнем спытала:

– Што Вы мелі на ўвазе, Ірына?

Медсястра таксама паспела ацаніць некарэктнасць фразы, кінутай ёю па неабдуманасці. Папрасіўшы прабачэння, памагатая працягнула працу з медыцынскай дакументацыяй.

Крылаты выраз адклаўся ў маёй памяці; працуючы ў раённай ахове здароўя, у выхаваўчых мэтах я часам агучвала яго, абавязкова спасылаючыся на аўтара.

Цытуючы крамольную фразу медыцынскай сястры, калегі прыпісвалі аўтарства мне. Кожны раз я адчувала дыскамфорт за ненаўмысны плагіят і спрабавала ўявіць сабе вынікі рэалізацыі пажадання Ірыны ў розных сферах чалавечай дзейнасці:

– навучальныя ўстановы – без навучэнцаў

– гандлёвыя кропкі – без пакупнікоў

– стадыёны – без спартоўцаў

– вакзалы і аэрапорты – без пасажыраў.

Нажаль, дачакаліся.

Прагназуемая медыцынскай сястрой ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя сітуацыя набыла рэальныя абрысы ў 2019 годзе: каронавірусная інфекцыя, якая да цяперашнега часу захоўвае высокую паражальнасць і смяротнасць насельніцтва.

Толькі ў адным шмат гадоў таму памылілася мая памагатая – “празорца” Ірына.

Упартыя хворыя па-ранейшаму “перашкаджаюць” працаваць медыкам …

*Інфармацыя аб выніках супрацьсухотнай працы ў пасляваенныя гады – у главе “Статыстыка аховы здороўя Баранавіцкай вобласці” кнігі аўтара “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю” http://proza.ru/2020/01/27/810

**Рэмісія – перыяд цячэння хранічнай хваробы, які праяўляецца значным паслабленнем або знікненнем яе сімптомаў.


Рецензии
Усё, што вы расказваеце і апісваеце, напэўна, гэта ўсё перажытае і ўспамінаць цяжка. Ну і некаторыя моманты. ёсць прыемныя і некаторыя моманты ёсць сумныя. зрэшты, у гэтай прозе ёсць сэнс. Каб чытаць.

Тауберт Альбертович Ортабаев   21.09.2024 20:57     Заявить о нарушении
Вялікі дзякуй за водгук, паважаны Таўберт Альбертавіч!

Нелли Фурс   22.09.2024 10:31   Заявить о нарушении
Вельмі шкада, што некаторыя не разумеюць таго, што мы пішам, значыць, у іх няма Веры, значыць, яны не адчуваюць. што ж ім чалавечае спачуванне і спачуванне на жаль

Тауберт Альбертович Ортабаев   22.09.2024 13:35   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.