Смерць не любiць жартау
– Не, больш так нельга.
Андрэй уздыхнуў і падышоў да акна. Чуўся спеў нейкіх птушак, дзесьці далёка загаўкаў сабака. Незнаёмая дзяўчына прайшла па сцежцы. У такі добры летні дзень зусім не было жадання думаць пра смерць. Але ён ужо ўсё вырашыў...
Андрэй зноў пачаў хадзіць па пакою. Чаму ж ён пажадаў зрабіць гэта менавіта сёння? Увогуле навошта спыняць сваё жыццё? Ён заўсёды пагарджаў самагубцамі і лічыў іх слабымі людзьмі. А зараз атрымліваецца, што Андрэй сам стане адным з іх... Ну чаму ж? Чаму?!
«Можа, таму, што мне ніколі не шанцавала ў жыцці?» – сумна ўсміхнуўся хлопец.
Андрэй хлусіў. Усё-ткі за дваццаць чатыры гады жыцця ў яго было некалькі дзяўчын, якіх ён кахаў і якія кахалі яго. Гэтыя адносіны скончыліся, але ж яны былі. А яшчэ хлопец меў добрых сяброў. І бацькоў, якія любілі яго. Чаго ж яшчэ жадаць? Хіба што дзяўчыну, якая б сапраўды пакахала яго. І якой зараз няма. Амаль што два гады…
Усё было быццам не так кепска, але ж нарэшце прыйшоў дзень, калі Андрэй вырашыў, што далей жыць няма сэнсу. Сёння...
Хлопец зноў уздыхнуў і ўзяў ліст паперы.
«Паважаныя сябры і родныя людзі! – павольна пачаў пісаць ён. – Амаль дваццаць чатыры гады я радаваў вас і засмучаў. Але нават галактыка згортваецца. Таму і я ўжо ўсё вырашыў. Мне будзе вельмі сумна без вас, як і вам без мяне. Але я больш так не магу. Так, я ведаю, што я слабы чалавек, але я не бачу выйсця, і веры ў добрую будучыню ў мяне няма. Не буду больш нічога пісаць, даруйце мне. Вам будзе лепш без мяне...»
Андрэй паставіў кропку і ў чарговы раз цяжка ўздыхнуў. Ён жадаў хутчэй гэта скончыць, бо з цягам часу было толькі больш балюча на душы.
...Вяроўка, табурэт – усё падрыхтавана. Андрэй прасунуў галаву ў пятлю і задумаўся. Усё жыццё хутка пралятала ва ўспамінах, але чамусьці было вельмі крыўдна так сыйсці. Можа, лепей ўтапіцца? Ці не будзе занадта балюча?
Хвіліны йшлі, але ён так і не рашаўся скокнуць да долу. Што ж рабіць? І тут раптоўна з’явілася думка: як жа гэта гідка – так паміраць. Наогул вельмі прыкра паміраць. Што ж ён, малады хлопец, робіць?! Усё яшчэ магчыма выправіць!
– Ну і думкі ў мяне, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. – Калі каму скажу, што быў у пятлі, то…
Хлопец працягнуў рукі да шыі, але раптам табурэт захістаўся і зваліўся. Андрэй пачаў задыхацца.
«Не... Не жадаю... Я дурань... – думаў ён, спрабуючы зняць з шыі пятлю, але ў вачах ужо цямнела. – Жадаю... жыць...»
Але праз некалькі імгненняў навакольны свет перад ягонымі вачыма пачаў мутнець, і Андрэя пакрысе ахутала цемра.
Смерць не любіць, калі з ёй жартуюць. Вельмі не любіць...
02–03 ліпеня 2013 года, пакуль яшчэ а/г Яроміна;
16 снежня 2016 (дробныя праўкі);
11–12 лістапада 2024, Гомель (пунктуацыйныя і іншыя выпраўленні: выдалена – «нейкая», «мае», «больш», «з жыцця»; было – «вырашыў», «наогул чаму ён вырашыў... спыніць сваё жыццё», «ў яго былі добрыя сябры», «бы», «прабачце мяне», «зноў», «трэба было», «тут раптоўна ён падумаў», «глупа», «Чаму ж ён гэта зараз робіць? Ён малады хлопец», «сумна ўсміхаючыся сказаў ён», «…што ж скажуць?», «Але праз імгненне яго ахутала цемра і ягоныя вочы закрыліся»);
13 чэрвеня 2025, Гомель (выпраўленне частай памылкі «падыйшоў»).
Свидетельство о публикации №224111200978
Вадим Бережной 11.01.2025 21:10 Заявить о нарушении