Буду з табой побач
Не люблю гуляць па горадзе, бо мяне заўсёды засмучаюць жыццярадасныя твары ягоных жыхароў. Смутак прыходзіць таму, што я не магу іх зразумець. Сумны вясёламу не таварыш…
Аднак я ўсё-ткі крочу па гарадскім вуліцам, негледзячы ні на што, і не дзесьці на ўскраінах, а ў самым цэнтры. Чаму? Хіба для таго, каб сустрэць кагосьці знаёмага?
Так, мне падабаецца сутыкацца з сябрамі ці знаёмцамі. Такія сустрэчы супакойваюць, нават на нейкі час пазбавляюць ад смутку. Вось і зараз я ўзняў вочы і адразу ўбачыў быццам знаёмую постаць: дзяўчына наперадзе шыбавала ў тым жа накірунку, што і я. Верагодна, гэта мая добрая сяброўка, таму я паскорыўся, каб зазірнуць ёй у твар і павітацца. Абавязкова трэба павітацца…
Праз хвіліну мы ўжо ідзем поруч, але мая радасць знікла так жа хутка, як і з’явілася. Прыгожая дзяўчына, але бачу яе ўпершыню. У іншых абставінах было б цудоўна з ёй пазнаёміцца. І нагоду шукаць не трэба: проста запытацца, колькі часу… І чаму я заўсёды быў такім нерашучым?
Я працягваў цішком разглядваць дзяўчыну, але ўбачыў, што гадзінніка на яе цудоўных руках няма. Значыць, і засмучацца не варта. Ці прыдумаць новае пытанне? Як прайсці ў бібліятэку?..
Пачуццё, што я дарэмна змарнаваў сваё жыццё, узмацнілася. Тады я не вытрымаў, усё роўна губляць ужо нечага, паскорыў крок і зазірнуў дзяўчыне проста ў вочы. Цікава б даведацца пра яе думкі…
Але я натыкнуўся на такі строгі і халодны позірк, што нават аслупянеў. Не надта і хацелася з ёй знаёміцца… І гэтай няма да мяне ніякай справы. Нікому я не патрэбны…
Пачынаецца… Каб пазбавіцца ад разбуральных думак, я амаль перайшоў на бег, і хутка мая новая знаёмая засталася ў мінулым. Лепш цурацца людзей, чым потым расчароўвацца. Відаць, жыццё мяне нічому не навучыла…
Шчыра кажучы, больш за ўсё я любіў гуляць у далёкіх палях, дзе сустрэць чалавека – гэта ўжо падзея. Бязмежны краявід на досвітку ці падчас заходу сонца ствараў адчуванне, быццам я апошні чалавек на планеце. І ніколі мяне гэта не засмучала – ні тады, ні цяпер.
Я прыгадаў, як раней падчас палявых шпацыраў у сэрцы ўзмацнялася вера ў тое, што рай для чалавека насамрэч існуе. Ну не мог свет сам па сабе стварыцца! Тэорыя хаосу – гэта лухта і трызненне! Значыць, і Бог ёсць. А калі Ён існуе, то і рай таксама. Вядома, людзі пасля смерці нікуды не знікаюць. Яны проста не могуць знікнуць, бо тады ў жыцці і сэнсу ніякага няма. Раней я быў вернікам, а зараз мая вера не толькі ўзмацнілася, але і перайшла ў веданне, якое не патрабуе доказаў. Асоба чалавека не раствараецца ў паветры. Шкада, што людзі не могуць прыняць гэта. На жаль, я і сам раней не цалкам разумеў…
Але некалькі месяцаў таму мая вера пахіснулася. Спачатку вельмі пужала думка, што ніякага раю, як і пекла, няма. Я дайшоў да сапраўднай роспачы і не ведаў, што рабіць і як жыць далей. Я пазіраў на людзей з жахам і дзівіўся, як яны жывуць і не баяцца таго, што можа чакаць іх на тым баку. Многія пэўна спадзяваюцца на лепшае. Як данесці да людзей разуменне каштоўнасці жыцця? З іншага боку, а хто мяне паслухае? Зрэшты, можа, і лепей, каб яны не ведалі? Хай жывуць і не задумваюцца, бо думкі толькі сапсуюць далейшае жыццё. А рай… Людзі проста не заслугоўваюць яго, прынамсі, большая частка чалавецтва…
Я працягваў ісці і праз нейкую гадзіну дасягнуў ускраіны горада. Я не адчуваў стомы. Вуліцы рабіліся больш вузкімі і змрочнымі, яшчэ і сонца закацілася за небасхіл. Раней я б ніколі не пажадаў трапіць у гэты прамысловы раён увечары, але зараз мне было ўсё роўна, дзе і калі гуляць. Хоць і ноччу на могілках. Дарэчы, іх я ўжо наведваў, і нават апоўначы. А што? Мне падабаецца павольна блукаць сярод магіл, чытаць надпісы на помніках, разглядваць крыжы і агароджы... Відаць, я зрабіўся філосафам, таму што ў апошнія тыдні пачалі з’яўляцца даволі глыбокія думкі, якія не назіраліся раней. Разважаў я і пра тое, якім легкадумным быў і не цаніў самае каштоўнае, чым валодаў – сваё жыццё…
Зусім сцямнела. Я апынуўся на вуліцы, дзе змрок разганялі толькі два цьмяныя ліхтары. Здалёк пачуўся дурны лямант: насустрач мне цягнуліся некалькі хлопцаў, хутчэй за ўсё, нападпітку. Але я не спалохаўся, хаця, канешне, сутыкацца з імі не жадаў: проста гідка. Я адыйшоў крыху ў бок, як заўсёды ў такіх выпадках. Гэная хеўра прайшла і нават не зірнула ў мой бок. А шкада. Дзіўна, але я б узрадаваўся, калі б хоць хтосьці мяне паклікаў. Недарэчныя думкі, калі прыгадаць, як раней я баяўся розных небяспечных чалавечых зграй. Вось і гэтыя лаяліся апошнімі словамі, нават тузалі адзін аднаго, але мяне не зачапілі. Дрэнныя людзі…
Неўзабаве я дайшоў да скрыжавання некалькіх вуліц і па звычцы спыніўся на светлафоры.
«Ат, як усё гэта надакучыла», – падумаў я, уздыхнуў і пайшоў на чырвоны сігнал. Захацелася пачуць гукі аўтамабільных клаксонаў, але і машыны не заўважалі мяне. Як толькі я перайшоў дарогу, праз некалькі секундаў праляцела вялізная фура. А калісьці я быў настолькі бездакорным, што заўсёды чакаў «зялёнага», нават на пустой шашы. А колькі кпінаў я выслухаў ад сяброў і знаёмых за ўвесь час...
Мяне часцяком называлі занадта правільным. Вядома, такія паводзіны псуюць жыццё, бо мая беззаганнасць даходзіла да занудства, я і сам гэта прызнаваў. Аднак не мяняўся.
– А зараз прыйшлося, бо як жа інакш? – услых прамовіў я і нават здрыгануўся. Як жа нязвыкла прагучаў мой голас!..
Раптам я пачуў крокі і павярнуўся. Да мяне набліжалася дзяўчына. Я звыкла зірнуў на яе твар і здзівіўся. Як прыязна яна выглядае, а вочы такія добрыя… Гэтая пані не можа быць кепскім чалавекам. Я вырашыў правесці яе дадому, хай і ўпотай. Усё-ткі ў прыцемках небяспечна гуляць у адзіноце...
Я пільна назіраў за дзяўчынай і ўяўляў сябе анёлам-ахоўнікам. Вось бы і ў мяне быў такі анёл, але каму я патрэбны?..
Увесь шлях да яе дому я толькі і марыў пра тое, каб з гэтым добрым чалавекам нічога не здарылася. Не ведаю, ці дапамаглі мае думкі, ці проста так супала, але дзяўчына паспяхова дайшла да свайго шматпавярховіка. Я мог бы ўжо ісці далей, але мяне штосьці трымала. А раптам на сходавай пляцоўцы чакае ліхадзей? Лепш правяду яе да кватэры.
Дзяўчына дастала з сумачцы ключ з чыпам і адчыніла дзверы пад’езду. Я быццам цень праслізнуў за ёй. А яна вельмі смелая: за ўвесь шлях ні разу не азірнулася, не пабегла. Мы прайшлі крыху па сходах, але яна вырашыла ехаць у ліфце. Я адчуваў сябе ніякавата, хаця мая падахоўная зусім не звяртала ўвагі на незнаёмага хлопца побач. Дзяўчына націснула на кнопку выкліку кабіны, а я тым часам разглядваў яе і ўсё больш запэўніваўся, што яна вельмі чыстай душы чалавек. Вось хто заслугоўвае трапіць у рай, калі б ён сапраўды існаваў…
Мы разам зайшлі ў ліфт, дзяўчына дакранулася да кнопкі свайго паверху, дзверы зачыніліся, і кабіна павольна рушыла ўгору. Ніколі яшчэ не ездзіў у ліфце сам-насам з незнаёмай спадарыняй… На жаль, я не паспеў нацешыцца гэтымі імгненнямі, таму што неўзабаве дзверы расчыніліся, і мы выйшлі на сёмым паверсе.
Пакуль мая новая знаёмая адчыняла дзверы кватэры, я разважаў, што рабіць далей. Бадзяцца па вуліцах ужо не хацелася, а што яшчэ заставалася? Шчыра кажучы, і ісці мне не было куды. Што ж, хай у гэтай дзяўчыны будзе свой анёл-ахоўнік.
Я так узрадаваўся, што без ваганняў накіраваўся да дзвярэй кватэры, якую мая абранніца ўжо зачыніла, і, не зніжая хуткасці, прайшоў праз яе.
Арыгінальный твор – 03 жніўня 2013 (з выпраўленнямі 05 і 06 жніўня 2013, 08 студзеня 2025);
Аўтарскі пераклад – 19 снежня 2024 (першыя радкі), 13-16 студзеня 2025, Гомель.
Свидетельство о публикации №225011600655