Каля пасады леснiковай...Из поэмы НОВАЯ ЗЯМЛЯ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі, А елкі хмурымі крыжамі Высока ў небе выдзялялісь, Таемна з хвоямі шапталісь. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Лес наступаў і расступаўся, Лужком зялёным разрываўся; А дзе прыгожыя загібы Так міла йшлі каля сядзібы, Што проста імі б любаваўся. А знізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты Лазы, чаромхі ці крушыны, Алешын ліпкіх, верабіны. Глядзіш, бывала, і здаецца, Што скрозь сцяну галін жывую, Скрозь гэту тканку маладую Ні мыш, ні пташка не праб'ецца. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў, Рабілі многа заваротаў, Аж покі ў Нёман не ўцякалі.
© Copyright: Беларуски Куток, 2010.
Другие статьи в литературном дневнике:
|