Апала сінь… цвіце па-над раўнінай,
Вяргіні цвет асыпалі даўно,
І стынуць ў золаце асмуглыя рабіны,
Стаяць і журацца увечар пад акном.
І ў жоўтацвецені над ярам і далінай
Тане ў каўшах асенняе віно.
І спяць гаі… і сыплюцца лісты…
Звіняць акорды ў сэрцы маладым.
Паўлюк Трус* 1925
*Біяграфія Паўлюка Труса
Паэт нарадзіўся 6 траўня 1904 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1927 г. - Менскі беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў у рэдакцыі гомельскай газеты «Палеская праўда» (1927-1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1929). Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк».
З першымі творамі выступіў у друку ў 1923 г. У той час друкаваў свае вершы ў газетах “Беларуская вёска”, “Звязда”, “Савецкая Беларусь” і у часопісе “Маладняк”.
Пры жыцці паэта выйшлі з друку два зборнікі: “Вершы” (1925) і “Ветры буйныя”(1927). Пазней выйшлі зборнікі паэзіі Збор твораў (1934), «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984).
Для дзяцей выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).
30 жніўня 1929 года ў поўным творчым росквіце Паўлюк Трус, захварэўшы на брушны тыф, памёр.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.