Анатоль Iверс
Iверс Анатоль(Іван Дарафеевіч Міско) - заходнебеларускі паэт, нарадзіўся 15 траўня 1912г. у весцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Сям’я, як і многія іншыя аднавяскоўцы, у 1914 годзе выехала ў бежанства і вярнулася дадому ў 1918 годзе. Ужо ў дзяцінстве чатырохгадовая вандроўка па расійскіх губернях і Украіне спарадзіла ў беларускім хлопчыку тугу па радзіме. У першай палавіне дваццатых гадоў пачала фармавацца нацыянальная свядомасць. Таму і пацягнула слонімскага хлопца да навукі ў роднай мове. А ў 1926 годзе ён паступае вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію.
Будучы навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі, у 1926 годзе ён уключаецца ў рэвалюцыйную барацьбу супраць польскіх уладаў. Сярод равеснікаў Іван Міско вызначаўся ў той час актыўнасцю ў грамадска-палітычным жыцці. Ён разносіў лістоўкі, выступаў на сходах і мітынгах, удзельнічаў у дэманстрацыях, падтрымліваў сувязь з палітычнымі вязнямі. І калі ў гімназіі пачалася забастоўка супраць выключэння з гімназіі старшакласнікаў за ўдзел у палітычнай барацьбе, Іван Міско прыняў у ёй актыўны ўдзел.
Паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, каля ста гімназістаў былі выключаны з гэтай навучальнай установы, а Івана Міско пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам. Потым былі яшчэ дзве спробы працягнуць адукацыю ў Клецкай і Наваградскай гімназіях, але і адтуль "бунтар" Міско быў выключаны (1929 і 1931). Ён у 1931 годзе апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры пад наглядам польскай паліцыі. З гэтага часу юнак цалкам аддае сябе рэвалюцыйнай барацьбе і паэтычнай творчасці.
Ён тройчы быў асуджаны польскім судом, неаднойчы арыштоўваўся дыфензівай (тайная полиция в довоенной Польше). Так з-за арышту паэт не трапіў у 1934 годзе на I з"езд рэвалюцыйных пісьменнікаў. Да з"езда быў падрыхтаваны Зварот групы паэтаў, якія падпісаліся: Піліп Пястрак, Янка Чабор, Міхась Васілёк і Анатоль Іверс. Гэты Зварот быў надрукаваны 25 студзеня 1934 года ў часопісе "Літаратурная старонка". Там жа быў надрукаваны і першы верш маладога паэта "Вёска". Тыраж часопіса быў канфіскаваны.
З друкарні ўдалося вынесці толькі некалькі асобнікаў. У 1935 годзе Іван Міско служыў у польскай кавалерыі ў Плоцку, калі ў лісце бацька напісаў, што пад коламі легкавога аўтамабіля загінула яго маці. Пасля службы паэт вяртаецца на бацькоўскі хутар, хутка жэ-ніцца і жыве на гаспадарцы з маладой жонкай і бацькам. Тут жа ён дачакаўся сваёй першай кніжкі "Песні на загонах". У 1939 годзе ў Вільні, незадоўга да пачатку другой сусветнай вайны выходзіць з друку першы зборнік вершаў Анатоля Іверса „Песьні на загонах”.
Калі прыйшлі "першыя саветы" (1939) і ў Слоніме пачала выдавацца спачатку павятовая, а потым раённая газета "Вольная праца", Анатоля Іверса запрасіў працаваць літсупрацоўнікам рэдакцыі першы рэдактар газеты І.А.Чарняўскі. Там Іван Дарафеевіч працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 1940 годзе стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У гады вайны хутар Міско нейкі час быў месцам збору хлопцаў і дзяўчат, якія неўзабаве станавіліся падпольшчыкамі, партызанамі, сувязнымі. Адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху. Працаваў у Слонімскай раённай управе, але перадаваў інфармацыю савецкім партызанам.
Аднойчы ў слонімскі СД паступіў данос ад мясцовага бургамістра на бацьку паэта. У ім паведамлялася, што адзін сын Міско, Максім, "знаходзіцца ў партызанскай бандзе", а другі, Іван Міско, "у час бальшавіцкай улады быў рэдактарам слонімскай бальшавіцкай газеты".
З лістапада 1943 г. - партызан брыгады імя Ракасоўскага.
У лістападзе 1943 года немцы схапілі жонку паэта Веру, а ў пачатку 1944 года - бацьку. Іх вывезлі ў Калдычаўскі лагер смерці і расстралялі. Брат загінуў у баях з акупантам.
Да канца вайны Анатоль Іверс узначальваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага (у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта). Выдаваў антыфашысцкую газету «Беларусь».
Партыйныя і савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі Слонімскую антыфашысцкую арганізацыю. Івану Міско як кіраўніку і партызану на працягу дзевятнаццаці гадоў не давалі афіцыйнай даведкі, двойчы звальнялі з работы, звальнялі беспадстаўна.
Спачатку працаваў у рэдакцыі мясцовай раёнкі. 1949 па 1965 гады, замест творчай працы, паэт працуе майстрам на смолазаводзе, а потым тэхнолагам лесахімічнага завода. Працаваў у гарсавеце адказным сакратаром Слонімскага гарвыканкама, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму». Першы пасляваенны зборнік вершаў «З пройдзеных дарог» выйшаў ў 1970 годзе. У 1976-1984 гг. - сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Сябра СП СССР з 1940 г.
Апублікаваў зборнік «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).
Памёр паэт 26 кастрычніка 1999 года.
Наша пошта:
belkutok@mail.ru
Другие статьи в литературном дневнике: